У Мінску выбралі ўсіх фіналістаў фестывалю Emergenza

Такім чынам, 18 сакавіка змагацца за ўдзел у сумесным расійска-беларускім фінале будуць гурты "J-J Bingz", "No Comment Band", "Clover Club", "Mechanical Heart", "Marie Chante Quelle Elle Telephone", да якіх дадаліся "Sang Sattawood" і "The Fraiz". Нагадаем, што выбіралі пераможцаў наведвальнікі канцэрту простым узняццем рукі. Паводле арганізатара фестывалю Змітра Хламава, на фінале разам з гледачамі будзе галасаваць і журы.

Зміцер Хламаў: "Будзе мяшаны від галасавання. Мы, напэўна, выбярэм чатыры ці тры гурты пасля глядацкага галасавання, і будзе галасаваць журы. То бок спачатку гледачы абіраюць топ, а пасля з гэтага топа журы выберуць прадстаўніка ў Расію".

Праўда, склад журы яшчэ не вызначаны, пакуль вядуцца перамовы, але арганізатары плануюць, што выбіраць фіналістаў будуць і прадстаўнікі Расіі.

Зміцер Хламаў: “Мы адкрытыя для прапановаў, можам прадстаўніка ад Еўрарадыё ўзяць. Мы працуем над гэтым пытаннем. Было б цікава, каб нехта з Расіі прыехаў. У кожным разе будзе расійскі прадстаўнік фэсту Андрэй Штэйнмарк. Зараз яшчэ размаўляем з тэлеканалам А1, магчыма і ад іх будзе прадстаўнік”.

Дададзім, што на расійскі фінал, які пройдзе ў Маскве ў чэрвені, паедзе толькі адна каманда з Беларусі, якая будзе спаборнічаць з пераможцамі рэгіянальных фіналаў у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Калінінградзе, Казані, Іванава і Екацярынбургу.

Даведка "Еўрарадыё":

Emergenzaмузычны марафон, які адбываецца ў больш як 20 краінах свету: сотні тысяч музыкаў на тысячах канцэртаў граюць жывую музыку. Гэта найбуйнейшы міжнародны музычны фэст для пачынаючых і паўпрафесійных гуртоў. Фэст праходзіць ва ўсіх найбуйнейшых гарадах Заходняй Еўропы і Паўночнай Амерыкі. Удзел у ім могуць узяць гурты любой стылістычнай скіраванасці, якія выконваюць як свае ўласныя творы, так і каверы. Міжнародны фінал Emergenza — гэта глабальны 30-тысячны open-air, які будзе праходзіць з 12-га па 14-га жніўня ў нямецкім мястэчку Таўберталь.


Фота: Gluctim

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі