У Мінску прэзентуюць фільм пра беларускі джаз (відэа)

17 верасня ў сталічным клубе Loft адбудзецца прэм'ера фільма “Бульбяны джаз”. Рэжысёр стужкі Віталь Карабань прызнаецца, што ідэя стварэння падобнага фільма ўжо даўно абмяркоўвалася з музыкамі на кухнях. І вось нарэшце знайшліся аднадумцы, сябры, знаёмыя, якія дапамаглі сабраць патрэбнае абсталяванне і пачаць здымкі.

Зміцер Падбярэзскі нам распавядаў, што было з беларускім джазам раней, яшчэ да нас, - пералічвае галоўных герояў фільма Віталь. - Таксама ўдзельнічаюць музыкі Apple Tea. Ну, і мы ўзялі джаз не толькі як музычны напрамак, але і як асобную культуру, таму вырашылі дадаць у фільм танцы. За ліндзі-хоп у стужцы адказвае Дзяніс Іскарцаў, які першым пачаў вучыць беларусаў гэтаму танцу”.

Праца над 26-хвіліннай стужкай вялася на працягу апошняга года. Пасля прэзентацыі "Бульбянога джазу" рэжысёр плануе паспрабаваць паўдзельнічаць з фільмам у розных фестывалях кароткаметражнага дакументальнага кіно. А вось што будзе са стужкай далей, ніхто не ведае.

“Каб аддаць яго на нашае тэлебачанне, трэба безліч розных паперак атрымаць ад Міністэрства культуры, - з усмешкай тлумачыць нявызначанасць Віталь. - Таму ў Беларусі яго наўрад ці чакае нейкі пракатны лёс. Будзе адзіная прэзентацыя і ўсё!”.

Дарэчы, уваход на прэм’еру ў клубе Loft — бясплатны. За музычнае афармленне вечара будзе адказваць Косця Валковіч і Real Jazz Band. Таксама чакаецца выступ Аляксандры Захарык і Міхаіла Філіпені (Apple Tea), безліч танцаў ды спецыяльны госць, якога пакуль трымаюць у сакрэце.