У новым альбоме Apple Tea "едуць" у бок Захаду (аўдыё)

Легендарныя мінскія джазмэны Apple Tea выпусцілі новы альбом пад назвай "М1", якая сімвалізуе курс музыкаў у бок заходняй цывілізацыі. Адпаведна, некаторыя з 9 трэкаў дыска так ці інакш звязаныя з дарогай. Напрыклад, п'еса "Friday" азначае канец працоўнага тыдня і момант, калі музыкі выпраўляюцца на працу, "М6" — назва трасы, якая звязвае Мінск і Гародню і непасрэдна вядзе на Захад,  "Spaghetti Blues" — спагеці могуць быць такімі ж доўгімі, як і дарога. А трэк "Bisquit" быў прыдуманы піяністам Косцем Гарачым непасрэдна ў аўтобусе, калі каманда вярталася з гастроляў.

"Мы змяняемся, і разам з намі змяняецца наша музыка, — разважае лідар  і аўтар музыкі Apple Tea Ігар Сацэвіч. — Напрыклад, гук, як мне падаецца, змяняецца пастаянна ў лепшы бок. Мы зводзілі яго ў Польшчы".

Аляксандр Сапега, бубнач гурта, называе кружэлку свежай не толькі дзякуючы гуку, але і лёгкаму характару.

Канцэртная прэзентацыя альбома ў Беларусі пройдзе восенню. Часткова яго можна будзе паслухаць 20 чэрвеня падчас "Джазавых субот ля Ратушы", дзе Apple Tea сыграюць з зоркай брытанскага джазу Дэнісам Баптыстам.

Дарэчы, афармленне дыска  джазмэны традыцыйна даверылі Уладзіміру Цэслеру. Маўляў, "мы ніколі не пярэчым яго аўтарскай задуме, але заўсёды задаволеныя вынікам".