У Мінску дзяўчаты ў залітых "крывёю" халатах правялі акцыю супраць абортаў

Акцыі супраць абортаў прайшлі 15 снежня ў Мінску і Мазыры. Іх арганізавалі сябры аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» сумесна з «Маладым фронтам». У сталіцы ў раёне вуліцы Няміга акцыя адбылася ў форме перфомансу. Дзяўчаты былі апранутыя ў адзенне дактароў, заплямленае чырвонай фарбай. Яны выкідалі маленькіх лялек у сметніцу, паказваючы жах абортаў.

Пра тое, што адбывалася далей, Еўрарадыё распавёў адзін з лідэраў аргкамітэта па стварэнні БХД Аляксей Шэін:

«Пасля каля Петрапаўлаўскага сабора праходзіла раздача ўлётак, у якіх маладыя людзі тлумачылі, што такое аборт, чаму гэта нельга рабіць і тлумачылі, якая крытычная сітуацыя цяпер з абортамі і дэмаграфіяй увогуле ў нас, у Беларусі».

Міліцыя правядзенню акцыі не перашкаджала. Таксама без праблемаў прайшла акцыя супраць абортаў і ў Мазыры. Распавядае Аляксей Шэін:

«У Мазыры гэта таксама было праведзена і ў форме раздачы інфармацыйных матэрыялаў – улётак, і была павешаная расцяжка ў цэнтры горада каля цэнтральнага рынка.

На ёй арганізатары агучвалі тыя лічбы, якія ў нас цяпер ёсць: у Беларусі 60 тысяч абортаў штогод – гэта цэлы горад дзяцей, якіх знішчаюць».

Фотарэпартаж з акцый можна паглядзець тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі