Вы тут

У Мінску ад COVID-19 прышчэплены больш за 50% лекараў і каля 20% настаўнікаў

У Мінску на прышчэпку запісаліся больш за 100 тысяч чалавек​ / БЕЛТА

У Мінску ўжо прышчэпленыя крыху больш за 20% настаўнікаў і 52% медработнікаў. Такія дадзеныя былі агучаныя на нядаўнім пасяджэнні Мінгарвыканкама. Ёсць рашэнне нарасціць тэмпы вакцынацыі педагогаў.

Па словах кіраўніка гарвыканкама Уладзіміра Кухарава, важна, каб да пачатку летніх канікул усе педагогі, якія будуць працаваць у лагерах, былі правакцынаваныя.

"Што тычыцца іншых гараджан, на прышчэпку ўжо запісаліся больш за 100 тысяч чалавек", распавялі ў прэс-службе Мінгарвыканкама. Спісы буду адсочваць і аналізаваць, каб размяркоўваць вакцыну па паліклініках прапарцыйна колькасці людзей, якія жадаюць зрабіць прышчэпку.

Між тым мінчане сталі скардзіцца на праблемы з даступнасцю вакцыны — на вакцынацыю запісваюць, але папярэджваюць, што прэпарата альбо няма, альбо ёсць толькі кітайскі. Аб сваім вопыце ў мінскай паліклініцы №4 распавяла, у прыватнасці, журналістка газеты "СБ — Беларусь сёння" Інэса Плескачэўская. Яе мужу, якому трэба было атрымаць першую дозу, прапанавалі толькі кітайскую вакцыну Sinopharm. І сказалі ,што "калі з'явіцца "Спутник V" — невядома".

 

 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.