У Магілёве жыхароў выселілі з аварыйнага дома, а кватэры ўзамен не далі

З разлікам 6 квадратных метраў на чалавека. Тыя, хто жыў у кватэрах плошчай 40-60 квадратных метраў, цяпер туляцца ў пакоях па 15-20 квадратаў з агульнай для ўсіх кухняй, душам і прыбіральняй.

Перасяленне з кватэраў у інтэрнацкія пакоі чыноўнікі патлумачылі тым, што яшчэ з 1988 года дом быў пераведзены ў статус інтэрната. Тым часам на руках у грамадзян ёсць арыгіналы ордараў на атрыманне кватэр, а не пакояў.

Выселеныя з дома жыльцы мяркуюць, што такім чынам мясцовыя чыноўнікі вырашылі сэканоміць на выдзяленні новых кватэр. Да таго ж яны могуць прадаць месца, дзе стаіць дом, пад офісны будынак.

Адстойваючы права на жыллё, людзі звярталіся ў суд, пракуратуру, КДК, КДБ і да мясцовых чыноўнікаў. Апошняя іх надзея — на Адміністрацыю прэзідэнта. Некалькі дзён таму яны накіравалі калектыўны зварот, пад якім падпісалася 11 чалавек.

“Я лічу, што чыноўнікі нам проста не хочуць даваць кватэры і гэтае пытанне ўжо даўно вырашанае без нас, — каментуе сітуацыю выселеная Святлана Бурак. — Такая сітуацыя нам зусім незразумелая. У нас ёсць і ордары на кватэры, і выпіскі. Ніхто не хоча разбірацца, і мы зусім не можам знайсці тых, хто можа гэтым зацікавіцца. На дадзены момант гэты дом стаіць. Яго прызналі аварыйным — там разбітыя вокны і жывуць бамжы, дык навошта нас было высяляць? Калі ж ён аварыйны, дык ён бы ўжо даўно абрынуўся!”

Выселілі грамадзян з гэтага дома ў экстраным парадку ў пачатку гэтага года. Месцам для часовага прыбывання ім вызначылі інтэрнат будаўнічага трэста №12, адміністрацыя якога прапануе грамадзянам заключыць дамову на пражыванне тэрмінам на 5 гадоў. Па сканчэнні гэтага тэрміну ўсе яны могуць апынуцца на вуліцы.

Пра цяжкі стан, у якім апынуліся грамадзяне, расказвае юрыст незалежнага Прафсаюза радыёэлектроннай прамысловасці Алена Барысава:

“Людзям падчас судовага пасяджэння стала вядома, што ў іх, аказваецца, не кватэры, а пакоі ў інтэрнаце. Калі пачалі падымаць архіўныя дакументы, выявілася, што ў 2000 годзе дзяржава перадала на баланс будаўнічага трэста №12 дадзены дом, які перавялі ў статус інтэрната яшчэ ў 1988 годзе. Аднак людзі маюць на руках арыгіналы ордараў, што з’яўляецца падставай для засялення ў жылыя памяшканні, у якіх пазначана, што яны атрымліваюць менавіта кватэры, і па рашэнні дзяржаўных органаў людзі атрымліваюць толькі кватэры”.

Алена Барысава адзначае, што людзей пра тое, што дом пераводзяць у статус інтэрната, ніхто не інфармаваў, а даведкі для будаўніцтва новага жылля чыноўнікі не выдавалі з розных прычынаў. У выніку людзі аказаліся без уласнага жылля, хаця яшчэ ў 2007 годзе ў адпаведнасці з адказамі чыноўнікаў ішла гутарка пра пошук інвестара для будаўніцтва новага дома з выдзяленнем жыхарам д.59 па вуліцы Ленінскай новых кватэр. Цяпер дом знаходзіцца на балансе Магілёўскага аблвыканкама.

Фота: gazetanm.eu

Спецыяльна  для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі