У Магілёве рабаўніка з маршруткі злавіў міліцэйскі сабака

У Магілёве безбілетны пасажыр маршруткі вырашыў не плаціць за праезд ды яшчэ абрабаваць кіроўцу. Як паведамляе wek.ru са спасылкай на Следчы камітэт, 36-гадовы мужчына зайшоў у салон маршруткі на прыпынку па вуліцы Маўчанскага. Пазней ён перасеў уперад, бліжэй да кіроўцы, аднак тут высветлілася, што грошай на аплату праезду ў яго няма.

Пасажыр вырашыў уцякаць, але пры гэтым ён адабраў у кіроўцы выручку і выскачыў з маршруткі. Пацярпелы адразу выклікаў праваахоўнікаў, якія хутка прыбылі на месца здарэння і адразу ж прыступілі да пошукаў.

Вылічыла зламысніка службовая аўчарка: сабака даволі хутка прывёў праваахоўнікаў да аднаго з мясцовых гандлёвых цэнтраў, у зале якога і затрымалі рабаўніка. Цяпер зламысніку пагражае турэмны тэрмін.