У Магілёве прайшоў ужо чацвёрты ўстаноўчы сход руху “За Свабоду”

Устаноўчы сход руху “За Свабоду” прайшоў сёння ў Магілёве. Ужо чацвёрты раз рух спрабуюць зарэгістраваць, тры разы Міністэрства юстыцыі адмаўляла яму ў легалізацыі. Аляксандр Мілінкевіч кажа, што прэтэнзіі Мінюста смешныя і несумленныя:

“А апошні раз увогуле анекдатычныя. Нам сказалі, што "некаторыя людзі на чале з Мілінкевічам займаюцца палітычнай дзейнасцю". Таму у іх ёсць падазрэнні, што "арганізацыя будзе палітычнай, а не грамадскай". Гэта ўвогуле поўны анекдот. Таму што я маю права і палітыкай займацца, і грамадскай дзейнасцю, і маю права яшчэ настаўнікам быць”.

Аляксандар Мілінкевіч адзначыў, што рэгістрацыя руху - гэта прынцыповае рашэнне. Бо ніхто не хоча быць "партызанам", усе хочуць працаваць легальна. А таксама гэта выдатная спроба выпрабавання ўлады. Ці яна сапраўды хоча супрацоўніцтва з Еўропай?

Вось што кажа Мілінкевіч пра тое, чаму ўжо другі раз рэгістрацыя руху “За Свабоду” пачынаецца з Магілёва:

“Я сам як палітык пачынаўся з Магілёва. Я ўзначальваў “Ратушу” у Гародні, а ў Магілёве было “Кола Сяброў”. Мы сябравалі паміж сабой, многае рабілі супольна. На пачатку працы я прыязджаў сюды вучыцца. Тут вельмі утульна, тут не цэнтр, як Мінск, геаграфічны. Але месца, дзе вельмі добра сустракацца. Я думаю, што яшчэ ёсць вельмі добрая традыцыя - многія справы пачыналіся з Магілёва, можа гэтым разам нам і пашчасціць!”.