У Магілёве не ідуць вучыцца на фізіка-інфарматыка, у Брэсце — на філолага

“Ёсць падставы для перажыванняў на фізіка-матэматычным факультэце. На “матэматыку і інфарматыку” на 13 планавых месцаў толькі тры заявы. На беларускай філалогіі на 15 месцаў толькі 6 заяваў”, — апісваюць Еўрарадыё ўступную кампанію ў Магілёўскім універсітэце імя Куляшова.

Недабор тут звязваюць з тым, што 40% абітурыентаў не набралі на тэставанні па фізіцы і матэматыцы бал для паступлення.

Ва ўніверсітэце спадзяюцца на дадатковы набор, які можа запусціць Мінадукацыі згодна з пастановай “Аб тэрмінах правядзення ў 2014 годзе ўступнай кампаніі для атрымання вышэйшай адукацыі”. Дабіраць збіраюцца на спецыяльнасці, па якіх “ёсць вострая кадравая запатрабаванасць у эканоміцы і сацыяльнай сферы”.

Напрыклад, у Брэсцкім універсітэце імя Пушкіна на “рускую мову і літаратуру” з дадатковай англійскай мовай на бюджэт не падаўся ніхто!

“І мы таксама пакутуем праз фізіка-матэматычны профіль. Гэта і ў тым годзе было. Але разам з тым склаліся ўжо конкурсы на біяэкалогію і на гісторыю і грамадазнаўства”, — кажуць ва ўніверсітэце.

І не раяць абітурыентам чакаць дабору, бо “невядома, па якіх спецыяльнасцях ён будзе”.

Віцебскі ўніверсітэт імя Машэрава мае праблемы з мэтавым наборам — гэта калі дзяржава пасылае абітурыентаў вучыцца. Тыя не змаглі здаць экзамены.

“З мэтавым наборам праблемы. Напрыклад, раён нейкі пасылаў вучыцца нейкага чалавека, яны на яго разлічвалі, пасля міністэрства ўзгадніла гэтую заяўку, а чалавек не набраў неабходныя балы для паступлення", — тлумачаць ва ўніверсітэце.

Па дадзеных Педагагічнага ўніверсітэта імя Максіма Танка, ніводнай заявы не падалі на факультэт сацыяльна-педагагічных тэхналогій, дзе ўсяго толькі 5 бюджэтных месцаў. А на гістарычным і псіхалагічным тут ужо нават конкурс.

Міністэрства адукацыі пакуль не можа дакладна сказаць, на якія спецыяльнасці будзе дабор і ці будзе наогул. Чакаюць вынікаў уступнай кампаніі ад універсітэтаў.

Фота: slovovolyni.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі