У Магілёве медыкі дамагліся вяртання льготнай пенсіі

Кропку ж у гэтай справе паставіў мясцовы суд, які прымірыў супрацьлеглыя бакі і прыняў рашэнне на карысць медработнікаў. Пра сутнасць праблемы распавядае медык і мясцовая праваабаронца Наталля Шкадун:

“Да мяне па дапамогу звярнулася доктарка, якая працавала ў Цэнтры гігіены і эпідэміялогіі грамадскага здароўя. У адпаведнасці з заканадаўствам жанчына атрымала права на льготную пенсію, аднак выбрала не сам выхад на пенсію, а налічэнне пенсіі, захаваўшы пры гэтым сваю працу. Праз некалькі месяцаў налічэння пенсіі ёй прыйшло рашэнне з камісіі па прызначэнні пенсіі аб тым, што яе пазбавілі пенсіі, адмянілі ўсе папярэднія рашэнні, і пенсіі ў яе няма”.

Наталля Шкадун адзначае, што ёй давялося звярнуцца ва Упраўленне працы і сацыяльнай абароны, Камісію па прызначэнні пенсіі і Міністэрства працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Падчас падрыхтоўкі скаргаў праваабаронца вывучыла безліч дакументаў.

“Сутнасць праблемы аказалася ў тым, што Цэнтр гігіены і эпідэміялогіі пасля далучэння да яго Цэнтра грамадскага здароўя стаў называцца Цэнтрам гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя. А такіх установаў у пераліку установаў, якія даюць права на ільготную пенсію за выслугу гадоў, не пазначана. Тым часам захаваўся характар працы ў доктара, усе шкоды і ільготы, аднак рашэнне аб адмене прызначэння пенсіі было прызнанае правамоцным усімі арганізацыямі. Давялося напісаць шмат запытаў, скаргаў і лістоў са скаргамі на службовых асоб”.

У выніку было атрыманае рашэнне, што супрацоўнікі двух гэтых былых цэнтраў і цяперашняга Цэнтра гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя маюць пенсію па выслузе гадоў, бо Цэнтр з’яўляецца правапераемнікам ранейшых арганізацый.

“У судзе мы дабіліся адмены незаконнага рашэння і дабіліся аднаўлення налічэння пенсіі з моманту адмены, — працягвае Наталля Шкадун. — Праўда, гэта было міравое пагадненне. Тут самы важны момант заключаецца ў тым, што многім супрацоўнікам спынілі гэты пераходны перыяд аб прызначэнні ільготнай пенсіі. То бок у людзей проста збіралі дакументы, але пенсіі не афармлялі. Мы атрымалі рашэнне, што супрацоўнікі ўсіх установаў, якія былі перайменаваныя, цяпер маюць права на ільготную пенсію за выслугу гадоў. У цэлым гэта ж не толькі адзін чалавек і нават не адна ўстанова — гэта ўсе ўстановы краіны, якія былі перайменаваныя”.

Фота: belive.ru

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі