У Крычаве ўчастковага міліцыянта вінавацяць у падробцы пратакола

Са словаў крычаўчаніна старэйшы лейтэнант Краўцоў без яго ведама склаў ад яго імя фіктыўнае тлумачэнне ад 22 сакавіка 2014 года па грамадзянскай справе — спрэчцы паміж ім і яго шваграм.

Федарэнка сцвярджае, што міліцыянт падрабіў яго подпіс, а таксама подпіс пад тлумачэннем “з маіх слоў запісана дакладна”. Тым часам сам Федарэнка адзначае, што ў той дзень ні з кім з міліцыянтаў не сустракаўся і на размову ў Крычаўскі РАУС яго ніхто не выклікаў, што можна лёгка праверыць па кнізе наведвальнікаў міліцэйскага пастарунку.

Пра пратакол апытання мужчына дазнаўся падчас судовага працэсу толькі 22 ліпеня 2014 года, дзе меў магчымасць азнаёміцца з матэрыяламі справы.

Між іншым да спрэчкі Мікалая Федарэнкі з яго шваграм прывёў банальны бытавы канфлікт. Расказвае крычаўчанін:

“Гэта было яшчэ ў 2006 годзе. Да мяне ў гараж, без майго дазволу і маёй згоды, мой швагер паклаў рухавік ад машыны. Ён быў няспраўны. У ім цякло масла. Я спытаў, хто яго туды паставіў. Ён адказаў, што ён. Тады я спытаў, а хто разлітае масла будзе прыбіраць, ён адказаў, што я. Ад таго моманту і пачаўся канфлікт. Я сказаў, каб ён забіраў свой рухавік. Затым я заўважыў, што ў мяне з гаража знікла шмат майго інструмента і я сказаў, што пакуль ён іх не верне, я яму нічога назад не аддам таксама. З таго часу прайшло больш за сем год, але ў адзін дзень ён запатрабаваў, каб я яму зноўку вярнуў яго рухавік”.

Мікалай Федарэнка кажа, што няспраўны рухавік ужо даўно выкінуў на сметніцу, бо той толькі займаў месца ў яго гаражы. Абураны гэтым фактам швагер напісаў заяву ў суд. Першы суд выйграў Мікалай Федарэнка, а вось суд вышэйшай інстанцыі адмяніў рашэнне раённага суда і абавязаў выплаціць кампенсацыю за рухавік у памеры амаль 20 мільёнаў рублёў. Гэта рашэнне суда было абскарджана. У працэсе стала вядома пра, магчыма, падробленыя дакументы.

Праваабаронца Барыс Бухель адзначае, што звычайная бытавая спрэчка перарасла ў парушэнне правоў аднаго з удзельнікаў канфлікту.

“На Федарэнку без яго ведама быў незаконна складзены пратакол апытання, які затым быў выкарыстаны ў грамадзянскім судзе. Там падролена ўсё – пераблытаны прозвішчы, асабістыя звесткі, што нібыты ён даў паказанні, у якіх прызнаецца ў здзейсненым. Падроблены яго подпіс і запіс “З маіх словаў запісана дакладна”. Усё гэта падроблена. Таму, мы падалі заяву ў пракуратуру з просьбай завесці крымінальную справу за фальсіфікацыю справы. Як стала вядома пазней, пракуратура пераслала наш ліст ва Упраўленне ўласнай бяспекі МУС, — кажа праваабаронца.

Барыс Бухель адзначае, што ў яго практыцы гэта далёка не першы выпадак, калі трапляюцца падробленыя дакументы. З падобным праваабаронца сутыкнуўся ў Быхаве. Тады шматлікія скаргі і разбіральніцтвы з гэтай нагоды прывялі да звальнення ўчастковага міліцыянта, які падрабіў матэрыялы адміністрацыйнай справы.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі