У Кіеве распавялі, калі можа пачацца контрнаступленне — 413-я раніца вайны

Самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку / facebook.com/GeneralStaff.ua
Самыя жорсткія баі працягваюцца за Бахмут і Мар'інку / facebook.com/GeneralStaff.ua

Узброеныя Сілы Украіны могуць пачаць контрнаступленне не вясной, а летам. Пра гэта заявіў прэм'ер-міністр Украіны Дзяніс Шмыгаль у інтэрв'ю The Hill. З ягоных слоў, заходнія партнёры не ціснуць з тэрмінамі, яны "выразна разумеюць, што для таго, каб ісці ў контрнаступленне, трэба быць да гэтага гатовым на 100 і нават больш працэнтаў". У Шмыгаля спыталі, як уплывае ўцечка засакрэчаных дакументаў на планаванне контрнаступлення Украіны. Украіна вызваліць свае землі, сказаў Шмыгаль.

Ва Украіны ёсць дастаткова магчымасцяў для дасягнення поспеху падчас контрнаступлення, мяркуе міністр абароны ЗША Лойд Осцін. "У іх ёсць шмат магчымасцяў, неабходных для дасягнення поспеху. Мы правялі трэніроўку для велізарнай колькасці войскаў, мы падалі значную колькасць платформаў", цытуе Осціна Укрінформ. Пры гэтым у сакрэтных дакументах Пентагона, якія сталі здабыткам грамадскасці, нагадаем, гучала зусім іншая ацэнка. Там амерыканскія аналітыкі прагназавалі сціплы поспех украінскага контранступлення.

Адзін з гэтых дакументаў з грыфам "цалкам сакрэтна" датаваны лютым. І ў ім гаварылася, што праблемы Украіны з назапашваннем войскаў, боепрыпасаў і тэхнікі могуць прывесці да таго, што вайскоўцы будуць "значна адставаць" ад першапачатковых мэтаў чаканага контрнаступлення, нагадвае УНІАН. У ЗША цяпер спрабуюць разабрацца, як гэтыя дакументы маглі стаць здабыткам грамадскасці. Лойд Осцін, у прыватнасці, заявіў, што ў Пентагоне будуць "працягваць даследаваць і пераварочваць кожны камень", пакуль не знойдуць крыніцу ўцечкі. Кіраўнік Пентагона стаў першым высокапастаўленым чыноўнікам ЗША, які пракаментаваў гэтую сітуацыю, піша Reuters.

В Киеве рассказали, когда может начаться контрнаступление — 413-е утро войны
Сакрэтныя дакументы Пентагона з'явіліся ў газетах на мінулым тыдні

Намесніца міністра абароны Ганна Маляр распавяла, чаму ўкраінскія вайскоўцы не сыходзяць з Бахмута. Каб знізіць наступальную актыўнасць Расіі: ВСУ знішчаюць тут расійскую тэхніку і асабісты склад.

"Фактычна Бахмут на сябе прыняў цяпер на ўсходзе асноўны ўдар Узброеных сіл ворага і іх прыватных армій", — сказала Маляр. Пры гэтым, нагадала яна, Расія наступае адначасова на чатырох кірунках. Акрамя Бахмута, гэта  Ліманскі, Аўдзееўскі і Мар'інскі напрамкі. За мінулыя суткі сілы абароны Украіны адбілі тут 72 атакі. Пра гэта гаворыцца ў ранішняй зводцы Генштаба УСУ.

На Ліманскім кірунку баі ішлі ля Белагораўкі і Спорнага. На Бахмуцкім — расіяне спрабуюць узяць пад поўны кантроль Бахмут. Жорсткія баі працягваюцца за Мар'інку.

В Киеве рассказали, когда может начаться контрнаступление — 413-е утро войны
Карта баёў у Данецкай вобласці / understandingwar.org

Украінскія СМІ абмяркоўваюць відэа, якое з'явілася напярэдадні вечарам на расійскіх рэсурсах. На ім меркавана караюць смерцю ўкраінскага вайскоўца: жывому мужчыну адразаюць галаву. Пра гэта распавядае Hromadske. Пакаранне здзяйсняюць людзі ў вайсковай форме, якія размаўляюць па-руску. На рукаве ў іх белая павязка, якая лічыцца адным з апазнавальных знакаў расіян. У ахвяры на руцэ — жоўтая павязка, такія носяць украінскія вайскоўцы.

Твары людзей, якія катавалі мужчыну, схаваныя за маскамі. Пасля забойства яны паказваюць бронекамізэльку, на якой бачны знак, падобны на трызубец. Пры гэтым украінскія журналісты адзначаюць, што не могуць праверыць сапраўднасць відэа.

Экс-дарадца кіраўніка Офіса ўкраінскага прэзідэнта Аляксей Арастовіч распавёў падрабязнасці пра перамовы Расіі і Украіны ў пачатку вайны. З ягоных слоў, першапачаткова ў Масквы было мноства ўмоў: і расійская мова ў якасці другой дзяржаўнай, і прызнанне так званых ДНР і ЛНР. Але потым засталося толькі два: скарачэнне ўкраінскага войска і адмова ад наступальнага ўзбраення. Па словах Арастовіча, дамоўленасці па Данбасе і Крыме таксама змяніліся на карысць Украіны, а ў Стамбуле нават рыхтавалася сустрэча прэзідэнтаў Уладзіміра Зяленскага і Уладзіміра Пуціна. Але потым стала вядома пра трагедыю ў Бучы. І Зяленскі адмовіўся ад перамоваў, распавёў Арастовіч.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі