Вы тут

У Казахстане плануюць перагледзець паўнамоцтвы прэзідэнта

Прэзідэнт Казахстана Касым-Жамарт Такаеў

У Казахстане чакаецца рэформа ўлады. Прэзідэнт краіны Касым-Жамарт Такаеў заявіў, што сістэма кіравання, заснаваная на звышканцэнтрацыі паўнамоцтваў, больш не эфектыўная. У сувязі з гэтым патрэбны пераход "ад суперпрэзідэнцкай формы праўлення да прэзідэнцкай рэспублікі з моцным парламентам".

"Такая сістэма забяспечыць аптымальны баланс уладных інстытутаў і будзе спрыяць устойліваму развіццю краіны", — цытуе Такаева рэсурс vlast.kz.

Сярод прапаноў — забарона для прэзідэнта, а таксама шэрагу чыноўнікаў уваходзіць у якія-небудзь партыі.

"Зрошчванне партыйных структур з дзяржапаратам вельмі непажаданае. Манаполія ў палітыцы непазбежна прыводзіць да розных сацыяльных хвароб і дэградацыі дзяржавы", — сказаў Такаеў.

Акрамя таго, прапануецца ўвесці забарону для найбліжэйшых сваякоў прэзідэнта займаць пасады палітычных, дзяржаўных службоўцаў і кіраўнікоў у квазідзяржаўным сектары. Такаеў прапанаваў замацаваць гэтую норму ў Канстытуцыі.

Ён таксама гатовы адмовіцца "ад празмерных прэзідэнцкіх паўнамоцтваў". На яго думку, гэта "зробіцца важным фактарам, які забяспечыць незваротнасць палітычнай мадэрнізацыі ў краіне".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.