У касцёлах Беларусі адмяняюць цалаванне крыжа і рэліквій

Касцёл у Беларусі таксама ўводзіць абмежаванні ў рамках барацьбы з распаўсюдам каранавіса. Пра гэта гаворыцца ў распараджэнні арцыбіскупа Тадэвуша Кандрусевіча, мітрапаліт Мінска-Магілёўскага, старшыні Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі. Яно апублікаванае на афіцыйным сайце Мінска-Магілёўскай архідыяцэзіі. 

"Заклікаю ўсіх вернікаў да малітвы ў інтэнцыі прадухілення пандэміі каранавірусу. Выкарыстаем дадзены нам Божым Провідам час, асабліва Вялікі пост, каб праз малітву, устрыманне, дабрачыннасць, споведзь, удзел у Эўхарыстыі, набажэнствах Крыжовага шляху і Песняў жальбы, Ружанец, Вяночак да Божай Міласэрнасці, прапанаваную Папам Францішкам малітву "24 гадзіны для Пана", якая пройдзе 29–30 сакавіка, літаніі, Суплікацыю і іншыя пабожныя практыкі міласэрны Бог захаваў нас ад гэтай бяды", — гаворыцца ў дакуменце.

Разам з малітвамі мітрапаліт загадвае датрымлівацца і абсалютна практычных мераў гігіены:

"Ушанаванне святога Крыжа, абразоў і рэліквій адбываецца праз укленчванне ці глыбокі паклон без дотыку і цалавання.

Не напаўняць крапільніцы ў касцёлах асвячонай вадой і растлумачыць вернікам пра неабходнасць на пэўны час устрымацца ад іх выкарыстання. Рэкамендуецца мець дома асвячоную ваду і карыстацца ёю.

На ваконцах (кратах) канфесіяналаў павінен быць усталяваны абарончы матэрыял, які неабходна рэгулярна дэзінфіцыяваць і змяняць з захаваннем мераў перасцярогі.

Знак супакою перадаецца схіленнем галавы, без тактыльнага кантакту.

Перад цэлебрацыяй Эўхарыстыі духоўныя асобы і міністранты павінны старанна вымыць рукі і падчас яе няўхільна захоўваць нормы гігіены".

Гэтае распараджэнне будзе дзейнічаць нявызначаны тэрмін — да яго адмены.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.