У каралеўскім замку ў Гродне праходзіць джазавы фэст (фота)

На падворку Старога замка арганізавалі першы міжнародны джазавы фэст. Адкрыў яго дырэктар Гродзенскай абласной філармоніі Эдуард Ціховіч. Ціховіч: Паважаныя сябры! Сёння мы адкрываем першы, я не пабаюся гэтага слова – міжнародны фестываль джазу “Гродна-2009”. Чаму міжнародны? Бо ў ім прымаюць удзел калектывы з Літвы, Польшчы, нашага горада і госці з Мінску. Спадзяемся, у музыкаў будзе добры настрой, які перадасца вам. Гэта першы фестываль, мы спадзяемся зрабіць яго традыцыйным. Паглядзім, што ў нас добра сёння атрымаецца, а што — не надта.

У праграме — дзевяць удзельнікаў. Першым выступаў моладзевы эстрадна-сімфанічны аркестр Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэту культуры і мастацтваў пад кіраўніцтвам Віктара Валатковіча. Завершыць праграму джаз-бэнд на чале з мастацкім кіраўніком Гродзенскай абласной філармоніі Барысам Мягковым.

У Гродне такія мерапрыемствы звычайна адбываюцца ў Новым замку, які знаходзіцца побач. Мяркуецца, што фэст перанеслі на падворак Старога, бо ўвечары Новы замак наведаюць прэм’ер-міністры Беларусі і Літвы Сяргей Сідорскі і Андрус Кубілюс. Сёння яны сустракаліся ў Гродне ў парк-гатэлі “Кронан”. Раней паведамлялася, што яны павінны парафіраваць дамову аб рэжыме мяжы і падпісаць пагадненне аб парадку яе перасячэння жыхарамі памежных раёнаў.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі