Вы тут

У Капылі прайшоў экстрэмальны забег “Kopyl Race”

Экстрэмальны забег “Kopyl Race” / Еўрарадыё

11 верасня ў Капылі адбыўся штогадовы экстрэмальны забег “Kopyl Race”. Некалі гэты забег праводзіўся ў фармаце экідэну — эстафетнага бегу па шашы. Спартоўцы пераадольвалі розныя дыстанцыі па вуліцах горада. Забег меў статус міжнароднага спаборніцтва: сюды запрашаліся каманды з суседніх краін. 

Пазней фармат забегу змяніўся на трэйл — трасы былі перанесеныя ў мясцовы лесапарк, дзе бегунам даводзілася пераадольваць дыстанцыі па прыродным рэльефе.

Апошнія некалькі гадоў арганізатары паслядоўна ўскладняюць маршрут: з’яўляюцца новыя штучныя перашкоды і дадатковыя заданні.

Сёлета было падрыхтавана некалькі забегаў для дзяцей і для сем’яў, а таксама гонка з перашкодамі на 10 км. 

Пераможца забегу справіўся за 55 хвілін. Апошні ўдзельнік быў на фінішы толькі праз 2 гадзіны 24 хвіліны. 

Удзел у забегу платны. Заявіцца можа кожны жадаючы. Праўда, арганізатары раяць цвяроза ацэньваць свае магчымасці.

Прызавыя за першае месца складаюць 100 рублёў. Са словаў аднаго з удзельнікаў, памер узнагароды не мяняецца ўжо некалькі гадоў.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.