У Кангрэсе ЗША адкрылася выстава мастакоў творчага аб'яднання "Пагоня"

У Кангрэсе ЗША у Вашынгтоне 23 лістапада адкрылася выстава, на якой прадстаўленыя працы чальцоў суполкі "Пагоня" Беларускага саюза мастакоў. Пра гэта БелаПАН паведаміў арганізатар выставы, мастак і грамадскі дзеяч Аляксей Марачкін. На выставе, якая будзе працаваць да 25 снежня, дэманструецца каля 40 палотнаў і графічных аркушаў 11 беларускіх мастакоў, якія жывуць у Беларусі і ЗША: Алеся Пушкіна, Алеся Шатэрніка, Аляксея Марачкіна, Ягора Батальёнка, Генадзя Драздова, Міколы Купавы, Юліі Шатэрнік, Юрыя Платонава, Янкі Рамановіча, Алены Тылькінай і Сяргея Ардэна. Сярод працаў — пейзажы і сюжэтныя карціны, якія паказваюць Беларусь і яе гісторыка-культурную спадчыну, у тым ліку палатно Марачкіна "Каін і Авель", прысвечанае народнаму паэту Беларусі Рыгору Барадуліну.

Арганізатарамі экспазіцыі выступілі Кангрэс новай беларускай дыяспары Еўропы і ЗША, супольнасць "Трэці шлях" і Беларускі музей у Нью-Ёрку сумесна з Фондам Джорджа Маршала і Хельсінкскай камісіяй Кангрэса ЗША.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі