У Італіі кавярні заахвочваюць багацеяў праставіцца кавай бедным і мігрантам

У Італіі спрабуюць рэанімаваць традыцыю, якая ўзнікла сто гадоў таму. Ідэя “caffe sospeso”, альбо “падвешанай кавы”, вельмі простая: набыў каву — заплаці і за наступны кубак, які вып’е нехта іншы. Раней такім чынам частавалі рамізнікаў, а цяпер — людзей, якія ў выніку рэцэсіі вымушаны адмаўляцца ад папулярнага напоя.

“Калі эканоміка стала падымацца пасля вайны, “падвешаная кава” стала рэччу, якая адбывалася толькі падчас Калядаў. Але цяпер, калі Італія зноў “хварэе”, традыцыя пачала ўзнаўляцца”, — піша GlobalPost.

Звычай заснаваны на даверы, калі шчодры кліент і той, хто атрымоўвае дапамогу, ніколі не сустрэнуцца, і ніякага фармальнага кантролю не існуе. Калі нехта аплачвае дадатковую каву, бармэн робіць запіс у журнал, а пасля хтосьці можа запатрабаваць “свой” кубак.

Паводле старонкі coffeesharing.com, якая займаецца распаўсюджаннем ідэі “падвешанай кавы”, да праекта далучыліся 195 кавярняў з 19 краінаў. Але па факце такіх месцаў больш. Прычым асаблівы бум “падвешаная кава” перажывае там жа, дзе яе і прыдумалі — у італьянскім Неапалі. Да акцыі ўжо далучыліся і віпы.

“Гаспадар кавярні Антоніа Сержыа кажа, што прэзідэнт футбольнага клуба “Напалі” Аўрэліа Дэ Лаўрэнціс рэгулярна прыходзіць і за раз аплачвае 15-20 “падвешаных” кубкаў кавы”, — піша The Local.

Цікава, што ў Брытаніі ініцыятыву падтрымаў і кававы гігант Starbucks са сваімі 550 кропкамі. Калі нехта прастаўляе каву, кампанія накіроўвае яе ў дабрачынную арганізацыю, якая ў выніку дзеліцца напоем з тымі, хто яго патрабуе.

“Падвешаная кава” актыўна распаўсюджваецца і ў суседняй Польшчы. Тут гэтую ідэю прапанаваў украінец Аляксандр Кажурын, які жыве ў Кракаве.

Аляксандр Кажурын: “Пра гэту ініцыятыву даведаўся ад знаёмага журналіста з Харкава. Мне гэта вельмі спадабалася. Акцыя ўжо працуе ва Украіне, таму вырашыў перанесці яе і на польскую глебу”.

Польскую старонку на “Фэйсбуку”, прысвечаную “падвешанай каве”, палюбіла больш за 13 тысяч чалавек. Але, што характэрна, у каментарах пад артыкулам пра “падвешаную каву” многія палякі выказваюць сумнеў у тым, што ідэя па-сапраўднаму запрацуе ў іх краіне.

Фота: thehindu.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі