Вы тут

У Іране Пентагон і армію ЗША прызналі тэрарыстычнымі арганізацыямі

Амерыканскія ўлады лічаць генерала Сулеймані тэрарыстам / Reuters

У Іране Пентагон і армію ЗША прызналі тэрарыстычнымі арганізацыямі. Такі законапраект аднагалосна прыняў іранскі парламент. Гэта адказ на ліквідацыю амерыканцамі генерала Касема Сулеймані, інфармуе tasnimnews.com.

Сулеймані быў фактычна другім чалавекам у Іране. Ён кіраваў спецаперацыямі іранскіх спецслужбаў за мяжой. Амерыканскія ўлады лічаць яго тэрарыстам, ускладаюць на генерала адказнасць за нядаўні напад на амбасаду ЗША ў Іраку. У ноч на 3 студзеня ён быў знішчаны ракетным ударам з беспілотнікаў у раёне міжнароднага аэрапорта Багдада. Загад аддаў прэзідэнт Дональд Трамп.

Іранскі лідар Алі Хаменеі паабяцаў адпомсціць амерыканцам. Нібыта, у Тэгерана ёсць 13 сцэнароў помсты і самы мінімальны з іх можа стаць "начным кашмарам для Амерыкі". У адказ на гэта Трамп зрабіў заяву, у якой паведаміў пра паўсотні аб'ектаў у Іране, па якім можа быць нанесены ўдар у выпадку тэрактаў з боку іранскіх спецслужбаў. Сярод іх ён згадаў і "аб'екты культурнай спадчыны", але пазней афіцыйна было аб'яўлена, што іх няма ў спісе.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.