Вы тут

У Гродне вынеслі прысуд па "справе папяровага кубачка"

Затрыманне Андрэя Севяртокі 27 верасня / TUT.by

30 сакавіка суддзя Ленінскага раёна Гродна Генадзь Мазайла вынес прысуд па справе чатырох гродзенцаў, якіх судзілі па абвінавачанні ў гвалце супраць сілавікоў.

Як піша Блог Гродна s13.ru, 43-гадовы гродзенскі прадпрымальнік Міхаіл Юдзін атрымаў 4 гады агульнага рэжыму, 33-гадовы намеснік дырэктара гродзенскай кампаніі Міхаіл Ефімовіч і 52-гадовы беспрацоўны Вадзім Хіжнякоў — па два з паловай гады агульнага рэжыму, 49-гадовы электрык Андрэй Севяртока з Мастоў — пяць з паловай гадоў строгага рэжыму. Таксама абвінавачаныя павінны выплаціць па 2000 рублёў маральнай кампенсацыі пацярпелым — амапаўцу Башко і амапаўцы Заяц.

Мужчын судзілі за падзеі 27 верасня. Тады падчас акцыі пратэсту, як сцвярджае абвінавачанне, мужчыны ўступілі ў сутычку з амапаўцамі. Паводле дакументаў справы, Севяртока наўмысна стукнуў Заяц адзін раз кулаком у галаву, адзін — нагой па правай назе. Ефімовіч кінуў у Заяц неўсталяваны прадмет, які трапіў у грудзі. Дарэчы, сам Ефімовіч расказваў, што падкінуў уверх папяровы кубачак, каб адцягнуць увагу сілавікоў ад збіцця людзей. У Заяц ён трапіў ненаўмысна.

Юдзін, як гаворыцца ў дакументах справы, ударыў Башко некалькі разоў нагой па целе і два па галаве. На судзе ён расказаў, што адправіўся з жанчынай у кіно і пабачыў, як людзі ў чорнай вопратцы цягнуць чалавека. Пасля пытання "Што вы робіце?" яму пырснулі газам у твар, заламалі рукі і пацягнулі ў аўтазак.

Хіжнякоў, нібыта, наўмысна кінуў у Башко неўсталяваны прадмет. Ён на першым жа пасяджэнні адмовіўся даваць паказанні, заявіўшы, што нічога не зрабіў.

Хаця сілавікі былі на акцыі ў шлемах і бронекамізэльках, яны заявілі на судзе пра пашкоджанні. Башко — пра фізічны боль і пабоі, Заяц — пра кароткачасовую страту здароўя.

Абвінавачаныя не прызналі сваю віну, толькі Андрэй Севяртока прызнаў віну часткова.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.