Вы тут

У Гродне палітвязня Сяргея Ціханоўскага асудзілі на 15 сутак арышту

Суд адбываецца па відэасувязі / svaboda.org

1 ліпеня ў Гродне судзілі блогера і палітыка Сяргея Ціханоўскага. Як паведамляе Радыё Свабода, у абласным судзе (там справу разглядаў суд Ленінскага раёна) была поўная зала людзей (сярод іх — людзі ў цывільным). Ціханоўскі прысутнічаў там віртуальна — па відэасувязі. Ён знаходзіцца ў СІЗА № 1 Мінска, праходзіць па крымінальнай справе аб "падрыхтоўцы дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак" (ч. 1 арт. 342 КК).

Суд у Гродне разглядаў адміністрацыйную справу — аб непадпарадкаванні міліцыі. Менавіта ў гэтым горадзе 29 траўня блогер быў затрыманы (на відэа) падчас легальнага пікету па зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатам у прэзідэнты яго жонкі Святланы Ціханоўскай. Анлайн з суда можна пабачыць тут.

Сяргей Ціханоўскі прызнаны палітвязнем.

Блогер віны не прызнаў і заявіў, што яго ніхто дагэтуль не азнаёміў з пратаколам.

"Вы [падчас затрымання 29 траўня ў Гродне] заламалі мне рукі і сарвалі з твару маску з надпісам "Страна для жизни", цытуе svaboda.org словы Ціханоўскага, якія ён казаў сведку — камандзіру роты АМАПу Дзмітрыю Рахунку. — Навошта вы гэта зрабілі?". Аднак суддзя пытанне зняў, бо яно "недатычнае справы". "Вы не баіцеся, што беларусы вас тапкамі закідаюць, суседзі вашыя?" — задаў яшчэ адно пытанне без адказу палітвязень.

Рахунок не змог патлумачыць адвакату, чаму розныя працэсуальныя дакументы аднолькавыя, нават з паўторнымі граматычнымі памылкамі. Таксама ён не даў тлумачэння, чаму не захаваўся запіс затрымання Ціханоўскага, які ён зрабіў на відэа рэгістратар.

Суддзя Юрый Казакевіч вынес пастанову: Сяргея Ціханоўскага пакараць арыштам — 15 сутак. 

У судзе / Радыё Свабода

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.