Вы тут

У Гродне павесіўся хлопец, які ў верасні звольніўся з АМАП

У Гродне павесіўся былы амапавец / pixabay.com

25 студзеня ў Гродне павесіўся малады чалавек. Яго цела, як піша Блог Гродна s13.ru, знайшлі на арандаванай кватэры ў адным са шматпавярховікаў. 

Мкксіму М. быў 21 год. Сёлета ў верасні ён звольніўся з АМАП і быў беспрацоўным.

Жонка загінулага кажа, што размаўляла з мужам за дзве гадзіны да смерці — ні ў размове, ні ў голасе нічога дзіўнага яна не заўважыла.

"Ён быў дома, збіраўся паехаць у гэты дзень да бацькоў у іншы горад, папрасіў забраніраваць яму білет, што я і зрабіла. Перад гэтым ён збіраўся з братам у аквапарк. Але ўвечары перастаў адказваць на ўсе тэлефанаванні — мае, брата, сяброў. Я прыехала дадому — і ўбачыла ўсё", — згадвае жанчына. Па яе словах, яе збянтэжылі ключы, кінутыя на падлогу і разбіты свяцільнік. Пры гэтым у самога Максіма не было ніякіх драпін або парэзаў.

Па яе словах, Максім звольніўся з АМАП па стане здароўя. Перад гэтым ён доўга быў на бальнічным, у жнівеньскіх падзеях на вуліцах Гродна не ўдзельнічаў. Праўда, жонцы казаў, што пайсці супраць людзей не зможа.

У гродзенскай міліцыі Блогу Гродна S13.ru пацвердзілі, што хлопец раней служыў у атрадзе міліцыі асаблівага прызначэння.

"Супрацоўнік міліцыі меў апалітычныя погляды, і яго звальненне ніяк не звязана з падзеямі, якія ў краіне адбываюцца. Ён даўно збіраўся звальняцца", — кажуць у прэс-службе УУС Гарадзенскага аблвыканкама.

У загінулага засталася маленькая дачка.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.