У Гродне на месцы старога млына хочуць пабудаваць літоўскі кансулят

Ці ведаюць самі літоўцы пра гэта?
13 маладых актывістаў руху “Выратуем Гародню ад разбурэнняў” былі арыштаваныя прыблізна а 14-й гадзіне ў Старым горадзе. Моладзь пратэставала супраць разбурэння будынку старога млына.
Журналіст Павал Мажэйка паведаміў “Еўрапейскаму радыё”, як разгортваліся падзеі.

Павел Мажэйка
: “Учора ў абед паступіў сігнал ад аднаго з жыхароў горада Гродна пра тое, што гэты будынак пачынаюць зносіць. Гэта была ў пэўным сэнсе сенсацыя. Справа ў тым, што гэты будынак не знаходзіўся ў спісе тых, якія гарадскія ўлады вызначылі пад знос. Моладзь адразу скіравалася туды, і ўчора ўдалося адстаяць гэты будынак.

Яны адразу дамовіліся, што зранку зноўку сустрэнуцца каля млына, будуць пратэставаць, трымаць у руках расцяжкі з заклікамі не знішчаць Гродна”.


Пяцёх з трынаццаці затрыманых міліцыянты адпусцілі. Трох непаўналетніх і двух чалавек, якія не прымалі “актыўнага ўдзелу ў акцыі”. Гэта значыць, не трымалі ў руках расцяжак альбо плакатаў. Справа ў тым, што ад самага ранку супрацоўнікі праваахоўных органаў вялі відэаздымкі акцыі і маглі, такім чынам, вызначыць “больш” і “менш” актыўных. Астатніх, на думку Паўла Мажэйкі, чакае суд.

Павел Мажэйка
: “Што тычыцца затрыманых, то ўжо стала вядома, што 8 чалавек павязуць у суд. Гэта азначае, што ўжо ў бліжэйшыя гадзіны ім будзе вынесены прысуд. Праўдападобна, што ім інкрымінуюць правядзенне несанкцыянаваных акцый і мерапрыемстваў”.

А 16-й гадзіне “Еўрарадыё” дазванілася да аднаго з затрыманых – Максіма Губарэвіча. Падчас тэлефанавання ён знаходзіўся ў Ленінскім РАУС Гродна. Вось што паспеў расказаць актывіст руху “Выратуем Гародню ад разбурэнняў” да таго, пакуль у яго адабралі тэлефон.

Максім Губарэвіч: “Я зараз у Ленінскім РАУС. На мяне склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным пікеце. Пагражае альбо штраф, альбо адміністрацыйны арышт тэрмінам на 15 сутак”.

Такі ж вынік мела тэлефанаванне яшчэ аднаму затрыманаму – Алесю Залеўскаму. Яму тэлефанавалі а 17-й гадзіне.

Алесь Залеўскі: “Зараз нас ужо будуць судзіць за ўдзел у несанкцыянаваным пікетаванні”…

Па словах Паўла Мажэйкі, гарадскія ўлады робяць усё магчымае, каб ніякай інфармацыі пра іх планы наконт старой часткі Гродна не патрапіла да гараджан. Што ж тычыцца млына, які хочуць разбурыць нават па-за межамі існуючага плана “рэканструкцыі” Гродна, то там, нібыта, плануюць пабудаваць літоўскі кансулят. Праўда, у літоўскай амбасадзе нічога пра гэтыя планы гродзенскіх уладаў не ведаюць. Прынамсі, так сказаў “Еўрарадыё” першы сакратар Амбасады Літвы ў Беларусі Марыус Януконіс.

Марыус Януконіс
: “Па шчырасці, я не ведаю, пра які млын ідзе гаворка. Цяпер будынак консульства ў Гродна знаходзіцца на ўскраіне горада. А які будзе кавалак зямлі для новага будынку, я сказаць не магу, гэта пакуль не вядома”.


Фота — http://knopych.com

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі