Вы тут

У гомельскім аэрапорце загінулі 87 коз, якіх везлі ў Казахстан

Гомельскі аэрапорт / sb.by

Пры дазапраўцы грузавога самалёта ў гомельскім аэрапорце загінулі 87 коз. Жывёлаў перавозілі ў Казахстан з Еўропы, паведамляе Радыё "Свабода".

У самалёце было 300 коз. Іх перавозкай займалася беларуская авіякампанія "РубіСтар". Паводле звестак журналістаў, жывёлаў перавозілі ў драўляных клетках у два паверхі. Калі самалёт садзіўся для дазапраўкі, драўляныя канструкцыі абрынуліся. Козы, якія былі на другім паверсе, падушылі тых, якія былі ніжэй.

Загінулых 87 козаў спалілі — гэтага патрабуюць ветэрынарныя нормы. Жывых, у тым ліку і пакалечаных, павезлі ў Казахстан аўтамабільным транспартам.

Памочнік гендырэктара кампаніі "Белаэранавігацыя" Алег Казючыц пацвердзіў, што інцыдэнт з козамі сапраўды быў, але дакладную колькасць загінулых жывёлаў назваць не змог.

Дырэктар аэрапорта "Гомель" Павел Навасёлаў падкрэсліў, што гомельскі аэрапорт да інцыдэнту дачынення не мае.