У Глыбоцкім раёне адкрылі дарогу, закрытую на 9 месяцаў праз свіную чуму

У Глыбоцкім раёне нарэшце адкрылі дарогу, якая была закрытая для руху болей за 9 месяцаў праз афрыканскую чуму свіней. Побач знаходзіцца свінакомплекс, а падчас эпідэміі зона вакол яго была закрытая для руху.

Жыхары вёскі Дзеркаўшчына, якім, каб трапіць дадому, даводзілася рабіць кола ў некалькі кіламетраў па разбітай дарозе, збіралі подпісы, хадзілі на прыём да мясцовых уладаў і звярталіся ў СМІ. Кіраўніцтва раёна адказвала, што дарога будзе закрытая як мінімум на некалькі гадоў. І тут нечакана ў пачатку сакавіка яе адкрылі. Як мяркуе стараста вёскі Дзеркаўшчына Уладзімір Тупека, мясцовае кіраўніцтва пабаялася абурэння людзей, якія планавалі правесці агульны сход сельгаспрадпрыемства “Канстанцінаў Двор”.

“Я думаю, што хутчэй за ўсё пабаяліся, што пачнуць абурацца людзі. Кожны тут баіцца што-небудзь сказаць, але як хто-небудзь слова адно скажа, то народ жа падымецца. А ведаеце, як надакучыла па такой дарозе ездзіць, па гэтых катакомбах”.

Спадар Уладзімір дадае, што зусім нядаўна ён атрымаў пісьмовы адказ з дарожнай службы, што дарога адкрывацца не будзе:

“Дзень таму мне прыйшоў ліст, што дарога не будзе адкрывацца, і тут звоніць майстар: “Валодзя, вам дарогу адкрываюць”. Я не паверыў нават”.

Адкрыццё дарогі парадавала жыхароў Дзеркаўшчыны. Цяпер ужо ніхто не згадвае, што двухкіламетровы ўчастак знаходзіцца ў дрэнным стане, бо аб’язная дарога была нашмат горшай.

Цяпер Уладзімір Тупека будзе дабівацца рамонту дарогі. Ён кажа, што пачакае заканчэння пасяўной і зноў пачне збіраць подпісы за тое, каб дарогу ўсё ж адрамантавалі. А пакуль жыхары вёскі ўдзячныя незалежным сродкам масавай інфармацыі за асвятленне праблемы. Нарэшце яна хоць неяк вырашылася.

Спецыяльна для праграмы Кардыяграма

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі