У Ганконгу прыпынілі разгляд закона аб экстрадыцыі пасля мільённых пратэстаў

У Ганконгу прыпынілі разгляд закона аб экстрадыцыі пасля мільённых пратэстаў

У Ганконгу прыпынілі разгляд закона аб экстрадыцыі пасля таго, як на пратэсты выйшаў мільён чалавек. Раней улады заяўлялі, што не адмовяцца ад законапраекта, нягледзячы на грамадзянскія пратэсты, якія адбываюцца ў Ганконгу ўжо амаль тыдзень.

Урад меркаваў, што папраўкі дапамогуць "зацыраваць дзіры" ў заканадаўстве, каб Ганконг перастаў быць прытулкам для злачынцаў з суседніх краінаў. Праціўнікі новых паправак засцерагаюцца, што закон выкарыстаюць супраць палітычных апанентаў рэжыму ў Кітаі, якія жывуць у Ганконгу.

Апазіцыя заяўляе пра катаванні, неабгрунтаваныя затрыманні і выбіванні прызнанняў, якія практыкуюцца на мацерыку. Новыя акцыі пратэсту запланаваныя на нядзелю, 16 чэрвеня. Мэта — цалкам адмяніць закон.

9 чэрвеня болей за мільён чалавек прынялі ўдзел у маршы пратэсту і гэта стала самай масавай акцыяй з 1997 года, калі былая брытанская калонія перайшла пад юрысдыкцыю Кітая. А ў сераду 12 чэрвеня дзясяткі тысяч чалавек перакрылі вуліцы вакол штаб-кватэры ўраду, дзе праходзіла другое чытанне законапраекта.

Пацярпелі 22 паліцыянты і 60 пратэстоўцаў, 11 чалавек былі затрыманыя. Паліцыя выкарыстала слёзацечны газ і гумовыя кулі для разгону дэманстрантаў, але разгляд дакумента адклалі, паведамляе ВВС.

Для каардынацыі дзеянняў пратэстоўцы выкарыстоўвалі папулярны месенджар Тэлеграм. 12 чэрвеня каманда Тэлеграм заявіла пра масавыя DdoS-атакі на свае серверы, якія ішлі пераважна з кітайскіх IP-адрасоў.

Пасля вяртання Ганконга пад юрысдыкцыю Кітая ён з'яўляецца яго часткай у адпаведнасці з прынцыпам "адна краіна — дзве сістэмы". Гэта асаблівы адміністратыўны раён, які мае вялікую аўтаномію з уласнымі незалежнымі судамі, заканадаўчым органам і эканамічнай сістэмай. Але пры гэтым Пекін кантралюе абарону і міжнародныя адносіны рэгіёна. Жыхары Ганконга засцерагаюцца, што прыняцце пагаднення ад экстрадыцыі будзе азначаць поўную перадачу кантролю над судовай сістэмай кітайскім уладам.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі