У цэнтры Мінска пратэставалі супраць будаўніцтва Беларускай АЭС (фота)

Увечары 9 верасня ў цэнтры Мінска пратэставалі супраць будаўніцтва Беларускай АЭС. Актывісты Беларускай партыі "Зялёныя" на плошчы Якуба Коласа каля Белдзяржфілармоніі ў касцюмах хімабароны разгарнулі транспарант "Не Астравецкай АЭС". Гэта быў заключны пікет у падтрымку кандыдата у дэпутаты Палаты прадстаўнікоў Сяргея Лахно, інфармуе БелаПАН.

Двое актывістаў БПЗ, у тым ліку старшыня партыі Анастасія Дарафеева, надзелі адзін касцюм, прадстаўляючы двухгаловую бабулю. Пры гэтым яны раздавалі прахожым пафарбаваныя ў чорны і сіні колеры яблыкі, тлумачачы, што гэта "ўраджай з Астраўца 2026 года".

Яшчэ некалькі актывістаў раздавалі прахожым праграмныя патрабаванні партыі па закрыцці Беларускай АЭС. Людзі актыўна бралі дакументы, разбіралі яблыкі і фатаграфавалі ўдзельнікаў акцыі. Прахожых таксама заклікалі падпісаць петыцыю супраць будаўніцтва станцыі. Праваахоўнікі назіралі за акцыяй, здымалі яе на відэакамеру.