У Бярозе праваабаронцы дамагліся спрашчэння працэдуры заяўкі на пікет

Згодна з пастановай Савета міністраў №207 кіраўніцтва горада мусіць само ўзгадняць пытанне аховы правапарадку падчас масавых мерапрыемстваў. Каб давесці гэта да юрыдычнага аддзела Бярозаўскага райвыканкаму, мясцоваму праваабаронцу Сяргею Русецкаму давялося амаль год абскарджваць забарону пікета ў розных інстанцыях. Мужчына паспеў звярнуцца ў Брэсцкі аблвыканкам, абласное ўпраўленне ўнутраных спраў, Мінюст і Савет Міністраў.

"За гэты час мы дамагліся таго, што з намі пачалі заключаць дамовы жыллёва-камунальная гаспадарка, а таксама праз упраўленне аховы здароўя Брэсцкага аблвыканкаму і звароту ў райвыканкам дамагліся, што раённая бальніца распрацавала прэйскурант на паслугі медычнай дапамогі падчас правядзення масавых мерапрыемстваў".

Адсутнасць дамовы з міліцыяй падчас падачы заявы на масавае мерапрыемства да нядаўняга часу была галоўнай прычынай забароны пікетаў у Бярозе. Цяпер гэтая працэдура сапраўды спрасцілася, але Сяргей Русецкі ілюзіяў не мае. Аб тым, як мясцовыя ўлады забараняюць непажаданыя акцыі, праваабаронца распавёў на прыкладзе пікету, які планаваўся на 25 жніўня. 

"Нам было адмоўлена з той прычыны, што ў гэты час на стадыёне было запланаванае іншае мерапрыемства, якое прадугледжвала наяўнасць гледачоў. Так, у гэты час (мы спецыяльна глядзелі) праводзіўся футбольны матч: дзве каманды гульцоў гулялі паміж сабой — было там  чалавек 15 на трыбунах. Але гэта ніяк не замінала правесці пікет, які мы замаўлялі каля ўваходу на стадыён".

Нагадаем, што сёлета ў Брэсце і Баранавічах ужо прынялі падобныя змены ў парадак правядзення масавых мерапрыемстваў: дамова з міліцыяй больш не патрэбная. Аднак спрашчэнне заяўкі  пакуль не дапамагло мясцовым праваабаронцам праводзіць пікеты.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі