У Бялынічах незалежны прафсаюз абараніў правы прадаўца

У Бялынічах незалежны прафсаюз абараніў правы прадаўца

У Бялынічах незалежны прафсаюз радыёэлектроннай прамысловасці абараніў правы прадаўцоў. У ювелірнай краме была заўважаная недастача ў амаль 250 мільёнаў. Працадаўца праз суд дамагаўся, каб неабходныя грошы жанчыны заплацілі з уласнай кішэні, распавядае магілёўскі юрыст незалежнага прафсаюза Радыёэлектроннай прамысловасці Аляксандр Хамратаў:

"У наш прафсаюз звярнулася прадавачка з г.п.Круглае, якая працавала ў ювелірнай краме з 2009 па 2010 гады. У 2013 годзе была выяўленая недастача сярод прадаўцоў на агульную суму 243 мільёны рублёў. Наймальнік ў асобе дырэктара ПМК-266 Мікалая Патрончыка звярнуўся ў суд Бялыніцкага раёна праз пракурора, каб не плаціць дзяржаўную пошліну і спагнаць з прадавачак вышэй узгаданую суму". 

Судовае пасяджэнне  па гэтай справе вяла старшыня Бялыніцкага раённага суда Валянціна Паўлава. Былы наймальнік хацеў спагнаць з Алены Мельнікавай 37 мільёнаў рублёў. Недастачу меў пацвярджаць акт пазапланавай праверкі. Аднак юрысты знайшлі ў ім парушэнні. 

"Мы пачалі вывучаць яе справу. Аказалася, што ў ПМК-266 былі выяўлены шматлікія парушэнні, у тым ліку, Алена Мельнікава не заключыла дагавор калектыўнай адказнасці. Акрамя гэтага былі выяўленыя парушэнні правілаў гандлю, якія і прывялі да такой вялікай растраты. Прайшло некалькі судовых пасяджэнняў. Інтарэсы іншых прадаўцоў прадстаўлялі адвакаты, я ад прафсаюза РЭП прадстаўляў інтарэсы Мельнікавай. Выяўленыя падчас суда парушэнні паўплывалі на вынясенне прыватнага вызначэння ў адрас істца", — працягвае Аляксандр Хамратаў.

Юрыст незалежнага прафсаюза РЭП кажа, што з актаў праверак вынікала, што вінаватамі у недастачы была загадчыца крамы, бухгалтар, а таксама начальнік аховы. У выніку з Алены Мельнікавай знялі ўсе абвінавачанні а ад іншых прадаўцоў запатрабавалі менш грошай. Цяпер дзве ўжо былыя прадавачкі ювелірнай крамы мусяць выплаціць недастачу ў памеры 40 і 60 мільёнаў рублёў замест 80 і 120.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі