У Брэсце затрымалі 14-гадовага падлетка, які выйшаў на плошчу карміць галубоў

У Брэсце затрымалі 14-гадовага падлетка, які выйшаў на плошчу карміць галубоў

25 сакавіка ў Брэсце на плошчы Леніна чарговую акцыю правялі праціўнікі будаўніцтва акумулятарнага завода. Пасля мерапрыемства міліцыя задержала 14-гадовага хлопца, піша tut.by.

Маладога чалавека спынілі паблізу кінатэатра "Мір". Ён ехаў на ровары разам з сябрам. Па звестках праваабаронцы Рамана Кісляка, міліцыянты папрасілі школьнікаў прадставіцца. Адзін назваў свае імя і прозвішча, а другі сказаў, што ён непаўналетні і папрасіў міліцыянтаў, каб яны ўдакладнілі ўсю неабходную інфармацыю ў яго бацькі, які быў непадалёк. Пасля гэтага яго сталі затрымліваць.

Хлопца пасадзілі ўжо ў службовы аўтамабіль, калі да месца здарэння падбег яго бацька. Ён запытаўся, чаму затрымліваюць сына. У адказ міліцыянты спыталіся дакументы ў яго. Мужчына пагадзіўся і пайшоў да свайго аўто, каб прынесці паперы. Але міліцыянты не сталі яго чакаць і павезлі хлопца ў Ленінскі РАУС.

Пазней да пастарунку прыехаў бацька падлетка і праваабаронцы. Мужчыну прапусцілі да сына, і потым яны абодва выйшлі на волю. Бацька хлопца напісаў заяву ў Следчы камітэт: ён патрабуе даць прававую ацэнку дзеянням міліцыянтаў.

Міліцыянты ў сваю чаргу заяўляюць, што спынілі юнака за тое, што ён ішоў з месца вулічнай акцыі ў сонцаахоўных акулярах і балаклаве.

У УУС Брэсцкага аблвыканкама заяўляюць, што малады чалавек спрабаваў уцячы, калі яго спыталі пра дакументы, але быў затрыманы. 

"Для высвятлення асобы і разбору ён дастаўлены ў Ленінскі РАУС. У райаддзеле міліцыі яго асоба была ўстаноўлена. Ім аказаўся жыхар г.Брэста, 2003 года нараджэння. З яго слоў, ён надзеў балаклаву, бо яму было халодна. У Ленінскі РАУС забраць сына прыехаў яго бацька. Пасля разбору яму пад распіску перадалі дзіця. Праз нейкі час аўтамабіль, якім кіраваў бацька дзіцяці, быў спынены супрацоўнікамі ДАІ. Пры праверцы дакументаў аказалася, што кіроўца пазбаўлены права кіравання аўтамабілем з красавіка 2015 года тэрмінам на тры гады за парушэнне арт. 18.16 КаАП Рэспублікі Беларусь (кіраванне аўтамабілем у стане алкагольнага ап'янення). Супрацоўнікі ДАІ склалі ў дачыненні да парушальніка адміністрацыйны матэрыял па ч.1 арт. 18.19 КаАП РБ. Аўтамабіль не належаў кіроўцу і быў перададзены ўладальніку транспартнага сродку", — гаворыцца ў заяве брэсцкай міліцыі.

Цяпер па гэтым факце праводзіцца праверка.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі