У Брэсце за выкарыстанне дрона без дазволу ўладаў пакаралі "Ваську Пілота"

Васіль Пашалюк

Васіль Пашалюк / vk.com

У Брэсце за выкарыстанне дрона без дазволу ўладаў пакаралі фатографа Васіля Пашалюка (ён больш вядомы пад мянушкай "Васька Пілот"). Яго аштрафавалі на 370 рублёў, паведамляе baj.by.

З ініцыятывай завесці ў дачыненні да фатографа адміністрацыйную справу выступіла пракуратура Брэсцкай вобласці. Пашалюка, які займаецца фота- і відэаздымкамі з дапамогай квадракоптара, пакаралі за тое, што выкарыстоўваў яго без папярэдняга ўзгаднення. Ён змясціў на сваім YouTube-канале некалькі ролікаў з Брэста, зробленых паводле замовы для адной з дзяржаўных арганізацый, што і заўважыла пракуратура.

Здымкі з дапамогай квадракоптара "Васька Пілот" робіць з 2018 года, калі сябра прывёз яму аматарскі дрон з ЗША. Далей з’явілася прафесійная тэхніка, і з тых часоў гэтымі здымкамі актыўна карыстаюцца нават дзяржаўныя СМІ. Васіль Пашалюк кажа, што крыўдны не сам штраф, а што пакаранне адбылося за бясплатныя здымкі для дзяржаўнай арганізацыі.

У верасні з'явіўся ўказ Аляксандра Лукашэнкі, паводле якога фізічным асобам у Беларусі забаронена ўвозіць, захоўваць, выкарыстоўваць і вырабляць беспілотнікі. Іх давядзецца прадаць арганізацыям ці індывідуальным прадпрымальнікам, альбо здаць на захоўванне ва "ўпаўнаважаную арганізацыю", вызначаную ўрадам.

Жыхар Брэста — першая ахвяра "антыдронавага ўказа".

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі