У Брэсце ўзводзяць вышынны будынак толькі для супрацоўнікаў МУС

Будпляцоўка на вуліцы Лейтэнанта Рабцава / zarya.by
Будпляцоўка на вуліцы Лейтэнанта Рабцава / zarya.by

У Брэсце пачалося будаўніцтва вышыннага будынка толькі для супрацоўнікаў МУС. Праектная дэкларацыя, у якой гаворыцца, што ў двухпад'езны шаснаццаціпавярховік па вуліцы Лейтэнанта Рабцава (пазіцыя №7 па генплане) заселяцца сілавікі, датуецца 6 сакавіка 2021 года.

Дакумент апублікаваны на сайце Брэсцкага гарвыканкама. З яго вынікае, што 128 кватэр — па 32 адна-, двух-, трох- і чатырохпакаёвыя — будуюцца "для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы вайсковай службы (службы, працы) у Міністэрстве ўнутраных спраў".

Для шматдзетных сем'яў, якія паляпшаюць жыллёвыя ўмовы з дзяржаўнай падтрымкай, і для грамадзян, якія стаяць на ўліку для паляпшэння жыллёвых умоў, адзін квадратны метр у гэтых кватэрах будзе каштаваць 1 тысячу 176,42 рубля ($454 па курсе на 16 сакавіка). Грамадзянам, якія не стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў, 1 кв. м. абышоўся б у 1 тысячу 286,76 рубля ($497). Пры гэтым, па звестках Realt.by, сярэдні кошт квадратнага метра камерцыйнага жылля ў Брэсце — $800.

Увайсці ў долевае будаўніцтва сілавікі могуць з першапачатковым плацяжом усяго 3%. Па праектнай дэкларацыі, будаўніцтва пачалося 25 лютага 2021 года. З 15 сакавіка пачаўся прыём і рэгістрацыя заяў на заключэнне дамоваў. Скончыць будаўніцтва плануецца да 31 снежня 2021 года.

Яшчэ ў красавіку 2020-га сайт "БрестСИТИ" паказваў, як вуліцу Лейтэнанта Рабцава рыхтуюць да маштабных будаўнічых работ. Дзесьці тут да канца 2021 года з'явіцца дом для брэсцкіх сілавікоў:

В Бресте строят высотку только для сотрудников МВД
В Бресте строят высотку только для сотрудников МВД
В Бресте строят высотку только для сотрудников МВД
В Бресте строят высотку только для сотрудников МВД
Будпляцоўка на вуліцы Лейтэнанта Рабцава / brestcity.com

Па Брэсце папаўзлі чуткі: тое, што дом "аддалі" сілавікам, "пасуне" чаргу з тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў? Рыэлтар з мінскага агенцтва нерухомасці тлумачыць Еўрарадыё, што гэта не так.

— Чэргі ў МУС і цывільных розныя. Проста ў МУС свае забудоўшчыкі. Або яны самі выбіраюць падрадчыкаў, а "спансуе" гэта МУС.

— Не, [на агульную чаргу гэта] не паўплывае. Тым, што мы будуем, мы забяспечваем і шматдзетных, і ўсіх, — адказвае на пытанне Еўрарадыё начальнік аддзела будаўніцтва Брэсцкага гарвыканкама Фёдар Жабароўскі.

У лютым — сакавіку 2021 года на сайце Брэсцкага гарвыканкама размешчаны і іншыя праектныя дэкларацыі аб будаўніцтве дамоў па вуліцы Лейтэнанта Рабцава. Кватэры прызначаныя для грамадзян, якія маюць права на пазачарговае атрыманне дзяржаўнай падтрымкі, а таксама для грамадзян, якія стаяць на ўліку тых, хто мае патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў па месцы вайсковай службы/працы ў дзяржаўных органах.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі