Вы тут

У Брэсце ў кацельні спальвалі бюлетэні. Але не паспелі спаліць усе

Апаленыя бюлетэні / Еўрарадыё

Брэсцкаму праваабаронцы Уладзіміру Вялічкіну прынеслі некалькі пачак бюлетэняў з прэзідэнцкіх выбараў, апаленых з некалькіх бакоў. Ён падзяліўся з рэдакцыяй Еўрарадыё здымкамі.

— Да мяне прыйшоў неабыякавы грамадзянін, перадаў мне гэтыя бюлетэні і сказаў: "Рабіце, што хочаце". Яны дасталі іх з печы, па кацельнях раздавалі гэтыя бюлетэні. Раздавалі, каб спаліць, — распавядае спадар Уладзімір. — Яны былі складзеныя ў трубачку. Напэўна, выносілі, пакуль ніхто не бачыў. Папера вельмі дрэнна гарыць, яе пачкам не спаліць, таму, яны такія абпаленыя да нас патрапілі. Яны проста рассыпаюцца.

Цяпер стосы бюлетэняў, якія ў Берасці спрабавалі спаліць, падзеленыя на часткі і схаваныя ў надзейных месцах.

Складана дакладна выявіць, з якога ўчастка гэтыя бюлетэні. Тэлеграм-канал "Беларусь галаўнога мозгу" сцвярджае, што подпісы на адваротным баку бюлетэняў належаць супрацоўніцам сярэдняй школы №3 Брэста: Валерыі Глінжан, настаўніцы замежных моў, і Святлане Марчук, намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце.

Уладзімір Вялічкін распавёў Еўрарадыё, што пакуль складана пацвердзіць, што бюлетэні — менавіта з таго ўчастка. Трэба правесці экспертызу:

— У лепшыя часы, раней, мы ўжо падобныя працэдуры паспяхова рабілі, і следчыя вельмі лёгка знаходзілі які гэта быў участак, хто гэтыя подпісы ставіў. Гэта не праблема. Але цяпер мы пакуль чакаем, бо давер да праваахоўных органаў цяпер знізілася. Будзем падаваць заявіў у РАУС, Следчы камітэт, пракуратуру.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.