У Брэсце праходзіць фэст альтэрнатыўнай музыкі Men's Fest (фота)

24 кастрычніка пачаўся штогадовы фестываль альтэрнатыўнай музыкі Men’s Fest. Сёлета ён праходзіць ў двухдзённым фармаце. Падчас фэсту выступяць дзесяць гуртоў з Беларусі, Украіны і Польшчы.

Пасля гадавой паўзы на Men's Fest вярнулася конкурсная частка фестывалю. Менавіта з яе і пачаўся першы дзень фэсту. Удзел у конкурсе ўзялі пяць гуртоў, кожны з якіх выканаў дзве ўласныя песні і беларускамоўны кавер. Паводле ацэнкі журы, пераможцам стаў брэсцкі гурт SANDGLASS. Groove/Hardcore-калектыў у якасці прыза атрымаў магчымасць запісаць EP з трох трэкаў.

Апроч "рэінкарнацыі" конкурсу сёлетні Men's Fest адрозніваецца ад папярэдняга і гучаннем: асноўная праграма фестывалю праз год стала значна цяжэйшай. Хэдлайнерамі першага дня сталі сталічныя металісты Exist M і славуты гомельскі гурт TT-34.

25 кастрычніка ў памяшканні Тэатра танца "Фантазія", дзе сёлета праходзіць фестываль, выступяць беларускія гурты TerraKod, ForHeaven'sSake, Rise in Rage, а таксама госці з Польшчы і Украіны — Frostbite і Jinjer.