У беларускамоўнай гімназіі Дзяржынска набралі рускамоўныя першыя класы

У беларускамоўнай гімназіі Дзяржынска набралі рускамоўныя першыя класы

У беларускамоўную гімназію Дзяржынска сёлета набралі чатыры рускамоўныя класы і толькі адзін беларускамоўны, піша "Наша Ніва".

Гімназія Дзяржынска лічыцца адной з найлепшых сярэдніх навучальных установаў не толькі Мінскай вобласці, але і ўсёй краіны. Дагэтуль яна была цалкам беларускамоўнай, аднак сёлета сітуацыя памянялася. 

"У нас асноўная мова навучання будзе па заявах прадстаўнікоў. Хтосьці хоча навучацца па-руску, хтосьці — па-беларуску. На сёння гімназія беларускамоўная, але некаторыя першыя класы вывучаюць рускую мову як асноўную", — кажа дырэктарка Людміла Паўхлеб.

Па яе словах, у статут установы ўнесеныя змены. Асноўнай мовай навучання пазначаная "руская ці беларуская". Сама дырэктарка так тлумачыць выбар мовы навучання: "Па жаданні законных прадстаўнікоў, па наяўнасці адпаведных заяваў. Мы пыталіся ў бацькоў першакласнікаў сёлета, на якой мове яны хочуць навучанне, будзем пытацца і налета. Астатнія класы вучацца выключна па-беларуску".

Начальнік упраўлення адукацыі Дзяржынскага райвыканкама Галіна Гапанькова тлумачыць змены ў навучанні жаданнем бацькоў. Па яе словах, сёлета пайшлі заявы ад бацькоў, якія хочуць, каб іх дзеці навучаліся па-руску.

"Калі летась у нас было 7461 навучэнец, то сёлета — 7841. Да нас прыязджаюць з усёй краіны. Мабыць, таму і з’явілася жаданне, каб навучэнне вялося на рускай мове", — заяўляе чыноўніца.

Дарэчы, недалёка ад беларускамоўнай гімназіі знаходзіцца рускамоўная гімназія №1 — таксама адна з найлепшых у Мінскай вобласці. Але спасылкі на яе Гапанькова парыруе тым, што школы цалкам укамплектаваныя. Па яе словах, набор рускамоўных класаў у беларускамоўную гімназію — гэта ініцыятыва бацькоў. Чыноўніца дадае, што ў гімназіі застанецца выкладанне гісторыі і геаграфіі Беларусі на беларускай мове.

Па словах Гапаньковай, многія выпускнікі беларускамоўнай гімназіі пасля паступлення ў тэхнічныя ВНУ сутыкаюцца з праблемай тэрміналогіі: ва ўніверсітэтах навучанне вядзецца толькі па-руску. 

Дарэчы, апошнім часам гэта не першы выпадак, калі ў беларускамоўныя школы набіраюць пераважна рускамоўныя класы. Еўрарадыё распавядала, як гродзенцы Але Адамовіч давялося змагацца за беларускамоўнае навучанне сваіх дзяцей у беларускамоўнай школе ў Верцялішках. 

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі