У Беларусі зрабілі першую гібрыдную аперацыю на сэрцы

У Беларусі зрабілі першую гібрыдную аперацыю на сэрцы

Першую гібрыдную аперацыю на сэрцы павялі ў Беларусі. Пра гэта інфармуе БЕЛТА са словаў дырэктара РНПЦ "Кардыялогія" Аляксандра Мрочака.

Гэта першая такая аперацыя ў краіне. Падобных аперацыяў няшмат праведзена і ва ўсім свеце. На думку Мрочака, за такімі аперацыямі — будучыня кардыяхірургіі ў цэлым. 

Першай пацыенткай, якой была зробленая гэтая аперацыя. стала 63-гадовая мінчанка. Пасля інфаркту міякарда з вялікай анеўрызмай левага страўнічка ў жанчыны развілася ішэмічная кардыяміяпатыя. Пры такіх паталогіях, кажа дырэктар цэнтра РНПЦ "Кардыялогія", анеўрызма не ўдзельнічае ў скарачэнні сэрца, што вядзе да сардэчнай недастатковасці і скарачае жыццё пацыента. Падоўжыць чалавеку жыццё можна праз хірургічнае памяншэнне анеўрызмы. Асаблівасць такой аперацыі ў тым, што каля аперацыйнага стала знаходзіцца і кардыяхірург, які працуе на адкрытым сэрцы, і інтэрвенцыйны кардыёлаг, які ажыццяўляе пэўныя маніпуляцыі праз сасуды.

Па словах загадчыка лабараторыі хірургіі сэрца РНПЦ доктара медыцынскіх навук, прафесара, акадэміка Нацыянальнай акадэміі навук Юрыя Астроўскага, сумяшчэнне гэтых двух падыходаў мінімізуе верагоднасць хірургічнай траўмы. Дзякуючы такой аперацыі пацыент зможа жыць некалькі гадоў да трансплантацыі, а магчыма, у будучыні яна і зусім не спатрэбіцца. 

Навучаць беларускіх медыкаў новай тэхналогіі прыбыла брыгада спецыялістаў з ЗША. За аперацыяй назіралі таксама вядомыя кардыяхірургі з Іспаніі, Германіі ды Італіі — яны таксама вучыліся ў амерыканскіх спецыялістаў. "Гэта сапраўды не вельмі частыя аперацыі, таму што ў Амерыцы каля 120 выпадкаў зроблена, у Еўропе, можа, крыху больш", — патлумачыў Астроўскі.

Першая гібрыдная аперацыя ў Беларусі правадзілася ў спецыяльна падрыхтаванай рэнтген-аперацыйнай. 

Слухай больш навінаў у праграме "Петарда" за 13:12:

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі