У Барысаве вынесены яшчэ адзін прысуд за дзедаўшчыну

У Барысаве вынесены яшчэ адзін прысуд за дзедаўшчыну

У Барысаве вынесены яшчэ адзін прысуд за дзедаўшчыну. На 1 год і 3 месяцы ў калонію агульнага рэжыму адправілі салдата, які на палігоне збіў салдата больш позняга прызыву. Суд Барысаўскага раёна прызнаў маладога чалавека вінаватым у гвалце над вайскоўцам, "з якім ён не знаходзіўся ў адносінах падпарадкаванасці". Прысуд яшчэ можа быць абскарджаны. Да яго абвяшчэння салдат быў пад падпіскай аб нявыездзе, у зале суда яго ўзялі пад варту, інфармуе БЕЛТА.

Вядома, што адзін з эпізодаў злачынства адбыўся на палігоне ў Барысаве. Вайскоўцы там жылі ў намётах, а асуджаны быў тады днявальным у нарадзе і вырашыў прадэманстраваць сваю "ўладу". Ён схапіў маладога байца за рукаў і зацягнуў да месца для мыцця. Там зламыснік збіваў вайскоўца — біў нагой у сцягно, у ніжнюю частку тулава. Калі салдат упаў, днявальны яго ўдарыў па сталёвым шлеме, які быў надзеты на галаву.  

Гэты і іншыя суды па справе "дзедаўшчыны" пачаліся пасля гібелі салдата Аляксандра Коржыча ў Печах. Прайшлі масавыя праверкі ў войску, па іх выніках распачалі паўсотні крымінальных спраў. У пачатку чэрвеня суд Пухавіцкага раёна вынес прысуд па справе малодшага сяржанта з батальёна забеспячэння, які атрымаў тры гады калоніі ўзмоцненага рэжыму за перавышэнне ўлады і службовых паўнамоцтваў. Днямі суд Барысаўскага раёна вынес такі ж прысуд старшаму лейтэнанту з Печаў за падобнае злачынства.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі