Вы тут

У Баранавічах будуць судзіць кіроўцу за наезд на міліцыянта ў жніўні 2020 года

Пасля таго, як машыне прастрэлілі кола, кіроўца кінуў аўтамабіль і ўцёк / @pressmvd

У Баранавічах будуць судзіць мясцовага жыхара за наезд на міліцыянта ў жніўні 2020-га, паведамляе БЕЛТА са спасылкай на Следчы камітэт. Расследаванне справы завяршылася.

Абвінавачаны — 35-ці гадовы мужчына. Паводле версіі следства, ён здзейсніў "наўмысны наезд на супрацоўніка органаў унутраных спраў, які ажыццяўляў ахову грамадскага парадку". Міліцыянт трапіў у бальніцу.

Следства лічыць, што ўсё адбывалася так: увагу супрацоўнікаў міліцыі забраў уседарожнік з замежнымі нумарамі і таніраваным шклом. Яны вырашылі падысці да аўтамабіля, але "абвінавачаны пачаў рух заднім ходам і наўмысна наехаў на аднаго з іх, пасля чаго ўцёк з месца здарэння"

Міліцыянты кінуліся ў пагоню, расказавала ў жніўні 2020-га прэс-служба МУС. На неаднаразовыя патрабаванні спыніцца мужчына не рэагаваў, таму супрацоўнікі міліцыі выкарысталі зброю і прастрэлілі кола, сцвярджалі ў МУС.  Мужчына кінуў машыну і ўцёк. Яго затрымалі толькі ў гэтым траўні, піша незалежнае беларускае агенцтва навінаў, калі ён вярнуўся ў Беларусь з Польшчы.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.