У Бабруйску суд павялічыў жанчыне тэрмін зняволення ў 5 разоў

У Бабруйску суд павялічыў жанчыне тэрмін зняволення ў 5 разоў

У Бабруйску суд павялічыў жанчыне тэрмін зняволення ў 5 разоў. За забойства яна была асуджана на два гады пазбаўлення волі, але справу перагледзелі. Як паведамляе прэс-служба пракуратуры Магілёўскай вобласці, у верасні 2018-га жанчына распівала спіртныя напоі ў кватэры свайго знаёмага ў Бабруйску. У іх узнік канфлікт "на глебе асабістых непрыязных адносін". Мужчына атрымаў два ўдары па руках рукамі, а пасля — два ўдары нажом у жывот і грудзі. Ён страціў шмат крыві і памёр на наступны дзень у бальніцы.

Суд паверыў паказанням жанчыны, што мужчына на яе напаў і ёй давялося абараняцца. Было прызнана, што забойства адбылося "у стане неабходнай абароны пры відавочным перавышэнні яе межаў". Аднак пракурор падаў апеляцыю на прысуд (2 гады зняволення), ён звярнуў увагу на паводзіны абвінавачанай пасля злачынства і асаблівасці яе асобы. Таксама бок абвінавачання лічыць, што мужчына быў у такой ступені алкагольнага ап'янення, якая не дазваляла яму "здзяйсняць актыўныя дзеянні" да жанчыны, якая раней займалася дзюдо.

Судовая калегія па крымінальных справах Магілёўскага абласнога суда задаволіла пратэст. Ранейшы прысуд быў адменены. Па выніках паўторнага разбіральніцтва суд Бабруйскага раёна і Бабруйска прызнаў былую спартсменку вінаватай у "наўмысным супрацьпраўным пазбаўленні жыцця іншага чалавека" і асудзіў яе на 10 гадоў зняволення ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Прысуд набыў законную сілу.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі