У аптэку ў Лідзе зайшоў мужчына і заявіў, што ў ёй з'явіцца бомба

Аптэку вырашыў "замініраваць" у цэнтры Ліды 49-гадовы мясцовы жыхар. 24 лістапада каля 18-й гадзіны ён прыйшоў туды і паведаміў усім, што а 23-й у аптэцы з'явіцца "бомба". Пасля гэтага ён уцёк.

На месца выехала аператыўная група, аднак ніякага выбуховага прыстасавання знойдзена не было. Як адзначае БЕЛТА, эвакуацыя аптэкі не праводзілася. Праваахоўнікі хутка знайшлі і затрымалі "мінёра". Мужчына, які нідзе не працуе, раней трапляў за краты. Ён патлумачыў, што быў у стане алкагольнага ап'янення і вырашыў такім чынам "пажартаваць".

За непраўдзівае паведамленне пра небяспеку распачатая крымінальная справа. Мужчыне пагражае штраф, арышт на тэрмін да 6 месяцаў, ці абмежаванне волі на тэрмін да трох гадоў, ці пазбаўленне волі — да 5 гадоў.

Фота — ria.ru

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі