У Адэскай вобласці пасля атакі расіян зноў пацярпеў порт

Ліквідацыя наступстваў атакі / @odeskaODA
Украінскія СПА збілі 26 дронаў з 38.
Гэтай ноччу паветраная трывога абвяшчалася адразу ў некалькіх абласцях Украіны, піша hromadske. На працягу двух гадзін расіяне атакавалі беспілотнікамі Адэскую вобласць, пра гэта паведаміў кіраўнік абласной ваеннай адміністрацыі Алег Кіпер. Паводле яго, большасьць беспілотнікаў былі збітыя. Але ёсць і трапленні — у прыватнасці, у прыпартавую інфраструктуру ў Ізмаільскім раёне.
Вядома пра двух пацярпелых, гэта кіроўцы грузавікоў. Аднаму з іх медыцынскую дапамогу аказалі на месцы, а другога з цяжкай траўмай рукі забралі ў бальніцу. Пашкоджаны будынак пункта пропуску, складскія памяшканні, прыкладна 30 грузавікоў. Частка з іх загарэлася. Пажары ратавальнікі ўжо ліквідавалі.
У паветраных сілах Украіны пазней удакладнілі, што расіяне запусцілі гэтай ноччу 38 ударных дронаў. 26 з іх СПА Украіны знішчылі.

Пра ракетны ўдар па горадзе паведамляе кіраўнік Рады абароны Крывога Рога Аляксандр Вілкул. Мэтай, паводле яго, было адно з прадпрыемстваў гораду. Наступствы ўдакладняюцца. Страт папярэдне няма. Вілкул таксама адзначыў, што ўся важная інфраструктура ў Крывым Рогу, а таксама камунальны транспарт, сацыяльныя і медыцынскія ўстановы працуюць стабільна. Акрамя таго мінулай ноччу расіяне атакавалі з цяжкай артылерыі некалькі населеных пунктаў у Нікапальскім раёне. Тут пашкоджаны 3 прыватныя дамы, 2 гаспадарчыя збудаванні і ЛЭП. Без страт.
Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.
Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.