Беларускіх дзяцей, якія вучацца ў Польшчы, выклікаюць на допыты ў КДБ
КДБ Беларусі / Калаж Еўрарадыё
Беларускі КДБ выклікае непаўналетніх падлеткаў, якія вучацца ў Польшчы, на допыты пасля вяртання ў краіну на канікулы. Пра гэта даведалася Еўрарадыё ад сямей, якія трапілі ў такую сітуацыю.
Паводле крыніц, супрацоўнікі спецслужбаў патэлефанавалі падлетку, калі той прыехаў у Беларусь на канікулы. Размова была доўгай, пасля дзіця запрасілі на сустрэчу, якая ўжо адбывалася ў прысутнасці бацькоў.
Падлетка распытвалі пра вучобу ў польскім ліцэі, пра адносіны з палякамі і сябрамі-беларусамі, глядзелі тэлефон і перапісвалі кантакты. Таксама пыталіся, ці ўдзельнічае дзіця ў “мерапрыемствах” [магчыма, маюцца на ўвазе івэнты, арганізаваныя дэмсіламі].
Вядома і пра выпадкі, калі ў КДБ выклікалі школьнікаў.
Палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў у эфіры Еўрарадыё, каментуючы прызнанне ЕГУ “экстрэмісцкім фарміраваннем”, ужо звяртаў увагу, што падзея можа перарасці ў пераслед усіх школьнікаў і студэнтаў, якія вучацца за мяжой. Як бачым, прагноз здзяйсняецца.
— А па гэтай логіцы, чым ЕГУ адрозніваецца ад Пражскага, Вашынгтонскага ўніверсітэтаў у дадзеным выпадку? [...] Юрыдычна-фармальна яны [улады Беларусі — рэд.] назвалі “экстрэмісцкай арганізацыяй” замежны ўніверсітэт. Галоўнае тут не толькі гэта, а колькі людзей можа быць патэнцыйна пацярпелымі.
Што кажа юрыст?
Юрыст НАУ і дэлегат КР Міхаіл Кірылюк кажа, што званкі падлеткам з боку спецслужбаў магчымыя, аднак у выпадку, калі яны абумоўлены сітуацыямі, у якіх патрэбна пільнае ўмяшальніцтва. Але.
— У прававым аспекце трэба зразумець, якія пытанні задаюцца. Калі ты стаў сведкам злачынства — гэта адно, але калі “ты бачыў, як сябра пісаў палітычныя каментары ці ўдзельнічаў у мітынгах”, то гэта не прававы аспект, а палітычны пераслед.
Гісторыя, якую мы апісалі вышэй, паводле Кірылюка, сведчыць, што службы такім чынам спрабуюць шукаць сабе інфарматараў і патэнцыйных ахвяр для супрацы.
— Я б катэгарычна не рэкамендаваў ісці на гэтую супрацу. Нават калі запужваюць, бо гэта беларускі КДБ. Ён заўсёды падмане і выставіць цябе ў дрэнным свеце. Тым больш мы ведаем, што ўлады Лукашэнкі нават у заказных забойствах падазраюцца ў Швейцарыі (нядаўна быў перанос суда па справе Гараўскага).
Я рэкамендаваў бы ўхіляцца ад прамых размоў. Трэба карыстацца здаровым сэнсам, бо на вайне як на вайне. Трэба разумець, што гэта ваенізаваная арганізацыя, і яны паводзяць сябе як падчас гібрыднай вайны, і таму з імі трэба паводзіць сябе адпаведным чынам: “Не ведаю”, “Не памятаю”, “Ні з кім не камунікую”, “Сябры ёсць, адрасоў/тэлефонаў не памятаю”. Даваць магчымы мінімальны аб’ём інфармацыі і паказваць, што з цябе няма чаго ўзяць.
Не трэба баяцца, што цябе палічаць зусім дурным.