Беларусь пачала пастаўкі паліва ў Кыргызстан
Беларусь адправіла бензін у Кыргызстан, ілюстрацыйнае фота / pixabay.com
У Кыргызстан прыбылі першыя партыі гаруча-змазачных матэрыялаў (ГЗМ) з Беларусі. Яшчэ некалькі чыгуначных вагонаў знаходзяцца ў дарозе. Пра гэта заявіў міністр энергетыкі Кыргызстана Алтынбек Рысбекаў, перадае выданне Reporter.
Міністр сказаў, што Кыргызстан падпісаў з Беларуссю пагадненне аб імпарце паліва і ўрэгуляваў пытанне транзіту праз тэрыторыю Расіі. Пры гэтым Рысбекаў не назваў аб'ёмы і кошт узгодненай партыі паліва з Беларусі.
Таксама Кыргызстан пачаў закупляць паліва ў Кітаі (адтуль дастаўляюць аўтамабільным транспартам), вядуцца перамовы пра імпарт з Узбекістана.
Кыргызстан імпартуе большую частку ГЗМ, таму крытычна залежыць ад замежных паставак паліва. На мінулым тыдні краіна цалкам забараніла вываз нафты, паліва ды іншых нафтапрадуктаў.
Пасля атак украінскіх дронаў на прадпрыемствы паліўна-энергетычнай сферы Расія сутыкнулася з рэзкім дэфіцытам гаруча-змазачных матэрыялаў. Гэта адбілася на ўсіх яе суседзях.