Вы тут

У ААН заявілі пра пагаршэнне сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі

Байцы ўнутраных войск на мінскай вуліцы / З архіву Еўрарадыё

Сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі не толькі не палепшылася, але ў апошнія тыдні нават яшчэ больш пагоршылася. Такую заяву зрабіла 4 снежня вярхоўны камісар Арганізацыі аб'яднаных нацый па правах чалавека Мішэль Бачэлет. У пятніцу ў Савеце ААН па правах чалавека праходзіла абмеркаванне сітуацыі ў нашай краіне, перадае БелаПАН.

У сваім выступе Бачэлет гаварыла пра больш за 27 тысяч чалавек, якія былі затрыманыя ў Беларусі за апошнія месяцы (насамрэч ужо каля 31 тысячы). "Пажылыя людзі таксама арыштоўваліся падчас штотыднёвых маршаў пенсіянераў, — адзначала яна. — Шмат каго з іх каралі арыштамі, штрафы ў адносінах да пратэстоўцаў таксама робяцца ўсё больш сур'ёзнымі".

Былі згаданы і больш за 900 фігурантаў крымінальных спраў, а сярод іх — "удзельнікі выбарчай кампаніі, журналісты, праваабаронцы, блогеры". Гаворка ішла і пра тое, што арыштаваных пратэстоўцаў утрымліваюць у перапоўненых камерах без нармальнай вентыляцыі, што павышае рызыкі заражэння COVID-19.

"Улады павінны садзейнічаць правядзенню мірных акцый пратэсту, прымяненне сілы павінна быць прапарцыйнай і выключнай мерай", — заявіла вярхоўны камісар ААН па правах чалавека. Мішэль Бачэлет падкрэслівае: урад Беларусі павінен спыніць парушэнні правоў чалавека. Яна заклікала беларускія ўлады пачаць інклюзіўны нацыянальны дыялог з удзелам усіх зацікаўленых, "забяспечыць незалежнае і адкрытае расследаванне ўсіх выпадкаў катаванняў і жорсткага абыходжання".

Каманда вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека хацела б наведаць нашу краіну, але дазволу дагэтуль няма.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.