“Троіца” запісала “дарослы” альбом з 400 трэкаў

Аматары эксперыментаў і шукальнікі ідэальнага гучання — этна-трыа “Троіца” — выдалі пяты па ліку альбом “Зімачка”.

Праграма “Зімачка” рыхтавалася цягам некалькіх гадоў і была запісана за пяць тыдняў на прыватнай варшаўскай TR Studios гукарэжысёрам Томашам Рагулам — двойчы намінантам на “Грэмі”. Гэтым разам “Троіца” сутыкнулася з невядомымі дагэтуль магчымасцямі запісу і, згодна са словамі гітарыста Юрыя Дзмітрыева, паспрабавала працаваць “па-даросламу”.

Юры Дзмітрыеў: “Цікава было тое, што тэхнічна студыя была абсталявана для нас даволі незвычайна. Там былі свае асаблівасці ў сістэме гуказапісу. Для нас гэта вельмі добры досвед, і мы паспрабавалі працаваць у студыі, дзе працуюць, што называецца, “па-даросламу”.

Дзякуючы тэхнічным магчымасцям акрыленая “Троіца”  прапісала 400 трэкаў, з якіх утварыліся 9 песень, што разам гучаць больш за гадзіну. Тым не менш, музыкі кажуць, што ў Варшаву іх прывяла не модная студыя, а, найперш, чалавечы фактар.

Юры Дзмітрыеў: “Адна з галоўных мэт, якую мы перад сабою ставілі, і зноў жа гэта адказ на пытанне, чаму не тут: з большасцю гукарэжысёраў мы працавалі, і нас у меншай ступені цікавіла абсталяванне студыі, колькі чалавек, які будзе з намі працаваць. Параўноўваць, пэўна, не трэба, але мы задаволеныя працай гэта дакладна. Шкадуем толькі аб адным: паколькі мы ў захапленні і ён быў у захапленні, нам проста крышачку не хапіла часу, каб давесці гэта да стоадсоткавага стану”.

Іван Іванавіч не хавае радасці ад новага “дзіцёнка” і не можа не ўзгадаць “мікрафонную” гісторыю, якая яскрава характарызуе стаўленне гукарэжысёра да справы.

Іван Кірчук: “Напрыклад, калі трэба было запісваць вакал, ён выставіў 10 неверагодна дарагіх мікрафонаў, я ў кожны праспяваў фразу. А потым мы слухалі і выбіралі, у які спяваць. А ў нас у Беларусі адбывалася такое: калі рабілі запіс, нам ставілі толькі адзін мікрафон на ўсе інструменты на струнныя, духавыя і на вакал. Вось такія адносіны чалавека да сваёй справы, як прыклад”.

Кошты варшаўскіх студый, у параўнанні з мінскімі, падаюцца касмічнымі, і дазволіць сабе падобную раскошу “Троіца” здолела толькі дзякуючы спонсарам. Тым не менш, каб акупіць студыю, кажа бубнач Юры Паўлоўскі, гурту спатрэбіцца  паўжыцця.

Юры Паўлоўскі: “Тое, што мы патрацілі на запіс у студыі, гэта нерэальна акупіць за канцэрты. То бок, нам яшчэ палова жыцця патрэбна, каб разлічыцца. Калі б не парфумерна-касметычная фабрыка “Сонца”, страўня “Камяніца”, кампанія “Вігма” і фірма “Герыком”, мы б не здолелі здзейсніць гэты праект”.

На думку музыкаў, у альбоме “Зімачка” “Троіца” пайшла ў бок прагрэсіў-фольку. Да таго ж, Іван Кірчук абяцае слухачам пачуць на пласцінцы галасы і мелодыі не толькі беларускіх продкаў.

Іван Кірчук: “Калі будзеце слухаць, можа, пачуеце галасы іншых народаў, якія жывуць на свеце. Мне здаецца, што тут ёсць і кітаец, які расказвае нейкую дзіўную казку, тут ёсць і афрыканец, які спявае пад ліру. Гэта атрымалася з-за нашых эксперыментаў, відаць. Гэта world-music, гэта гучанне інструментаў не толькі беларускіх, але і з іншых краін свету, гэта беларускія песні і беларускія тэксты”.

Сярод троіцкіх “навінак” гэтым разам варта звярнуць увагу на дастаткова працяглы хранаметраж песень — самая кароткая з іх гучыць 5(!) хвілін, а таксама на разгорнутыя інструментальныя кавалкі і на дзве невядомыя аматарам калектыву песні. Адну з кампазіцый гурт зрабіў непасрэдна перад выездам у Варшаву, а другую — у Варшаве ў перапынку паміж запісам. А яшчэ на альбоме пераважаюць зімовыя фарбы і ёсць філасофскі падтэкст.

Іван Кірчук: “На дыску ёсць такі філасофскі ўступ, што хутка будзе адліга. Ва ўсім”.

Прэзентацыя “Зімачкі” адбудзецца 27 красавіка ў малой зале КЗ “Мінск”.

Фота: Павел Бакшэеў


Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі