Троіца сыграла вялікі юбілейны канцэрт і прэзентавала кнігу Івана Кірчука

Троіца адсвяткавала ў КЗ “Мінск” свой 10-гадовы юбілей і адзначыла выхад кнігі лідэра калектыву Івана Кірчука “Аўтабаны і менестрэлі”. Да кожнага канцэрту ў Мінску Троціа рыхтуецца з асаблівай руплівасцю, таму што менавіта дома ёсць магчымасць прынесці на сцэну вялікую колькасць інструментаў, каб паказаць ўсю магутнасць, усе інтанацыі беларускага фальклору.

Зала ўся запоўнілася людзьмі, канцэрт пачаўся, Іван Кірчук традыцыйна займаў цэнтральнае месца на ўзвышшы і варажыў разам з Юрам Дзмітрыевым і Юрам Паўлоўскім на працягу дзвюх гадзін.



Традыцыйна, Кірчук спявае па 2-3 песні запар, аб’ядноўваючы іх адной тэмай. Так і гэты канцэрт пачаўся з трыпціху, дзе песні далікатна і ледзь заўважна пераходзілі з адной ў другую.

Напрыклад, Іван Кірчук распавёў, што песня “Русалкі ” з русальнага абраду, пелася для таго, каб дамовіцца з русалкамі пра ахову: “ Русалкі зберагалі жыта і там, дзе яны бегалі, там трава расла ў стаі зялёная. А яшчэ яны прасілі адзенне, а яшчэ яны прасілі вады, каб душа ачысцілася”.





Натуральна, што пасля “ачышчэння душы” прыйшла тэма кахання (“Вуціца”, “Чатыры кумы”). Пазней былі галашэнні, якія “цяпер на вяселлі не спяваюць”, як кажа Кірчук, бо “маладыя задаволеныя. Бацькі ўжо і хату падаравалі і машыну. А раней было ўсё больш складана для нашых маладых, бо ў старадаўнім вяселлі бывала, што нявеста з’язджала назаўсёды са сваёй хаты“ (“Плыве шчука”, “Ой, бору мой”).



Некаторыя песні, выкананыя на канцэрце, немагчыма было сыграць акурат так, якімі яны увайшлі ў альбом. Так канцэртны варыянт песні “Плыве шчука” гучаў больш драматычна, з палегчанай аранжыроўкай,больш агрэсіўна, з “металічным” гукам, ад чаго кранальная гісторія пра сіротку, якая просіць сілы прыроды абудзіць яе мамачку, падняць яе з-пад зямлі, каб пабыць побач хаця б  на вяселлі, ператварылася ў вялізную, аголеную і пульсуючую, як нерв, інтымную драму.

Пад час канцэрту, Іван Кірчук узгадваў людзей, якія дапамагалі яму ў працы, дзякаваў ім:

“Песню “плыве шчука, плыве рыба” я запісаў у адной з першых экспедыцый на Любаншчыне, у 1983 годзе. Шмялёва Пелагея Міхайлаўна спявала мне з дзесяці ранку да часу ночы. Потым здзівіла мяне, сказаўшы, гэта не мае песні, гэта песні маёй маці. І я вось думаю, ці памятае хто з нас столькі песень ад сваёй маці?”





Троіца выконвалі свае песні з розных альбомаў. З “Сон-трава”, “Жар-жар”, “Спадчына загінуўшых вёсак”,”Сем”, “Журавы”. Неспадзяванкай стала тое, што трыпціх з “Жар-Жар” – “Нема лёду”, “Ехалі сватове”, “Ходзіць чыжык” прагучалі ў акустычным варыянце, хаця на альбоме яны гучаць надта рокава і даволі “цяжка”. А палескія спевы “Зімачка” і “Казачак” з чароўным двухгалоссем, якія Івану Кірчуку напеў Сцяпан Дубейка, раней гучалі ў акустычным варыянце ў альбоме “Спадчына загінуўшых вёсак”, а цяпер прагучалі ў новай аранжыроўцы.



Песні Троіцы гучалі так па-роднаму, так блізка і цёпла, што людзі заплюшчвалі вочы, адкідваліся назад і плылі па гуках музыкі, нібыта па небе. Нехта пускаў слязу, нехта туліўся да блізкага чалавека, што сядзеў побач, закаханыя пяшчотна мілаваліся і трымалі адзін аднаго за руку, бо старажытныя беларускія песні абуджаюць у людзях самыя прыгожыя і высокія пачуцці, нават, калі яны глыбока схаваныя.

Калі Кірчук абвясціў “Тры янгалы”, слухачы ўжо не стрымлівалі свае эмоцыі. Гэта песня стала адной з самых любімых і вядомых. Лідэр Троіцы крыху распавёў пра яе: “Песня дзіўная. Я заўсёды кажу, што беларускі фальклор – гэта нейкая зашыфраваная інфармацыя для нас, патомкаў, каб мы думалі. Вось я, напрыклад, яшчэ не разумею, чаму тры анёлы вялі душу. Відаць, па трох Сусветах. Але, калі даведаюся, раскажу вам”.

Пазней здарыліся тры выхады на біс, месца інструментаў на століку побач з Кірчуком занялі кветкі і, колькі публіка не прасіла працягу, Троіца развіталася са слухачамі незвычайна прыгожай і пяшчотнай песняй “Журавы”. Калі сціх апошні гук музыкі, апошнія воплескі, загарэлася святло, то радаснае хваляванне людзей ўжо не магло схавацца ў цемры залі. Людзі сыходзілі з канцэрту шчаслівыя.


Малады чалавек: "Нават зразумець не магу, што я перажыў падчас канцэрту. Напэўна, захапленне, сувязь з мінулым, нейкае здзіўленне і жаданне тварыць і жыць".


Мужчына: "Мне падабаецца. І рытмы падабаюцца, і фальклор, і каларыт гурта. Мы з задавальненнем з жонкай ходзім на Троіцу адпачыць душой".

Мадлен: "Маё імя Мадлен. Я са Швейцарыі сюды прыехала. Мне вельмі спадабалася музыка. Чым далей, тым больш мяне кранала музыка. Гэта праўда. Вельмі кранала. Вельмі".


Валік Грышко (генеральны прадзюсер тэлеканалу “МTV-Мінск”) кажа, што канцэрт Троіцы яго моцна ўразіў: "Вядома, беларускую мову пасля канцэрта захацелася вывучыць. Я ж зусім не размаўляю на ёй. Стыдоба! Чаму мы, беларусы, не размаўляем на роднай мове? Я нейкім непаўнавартасным сябе адчуў, нягледзячы на тое, што я блізкі да культуры і музычнай і моладзевай і ўвогуле да нацыянальнай. Вядома, што мне адразу ж прыпомніўся кліп, які чамусьці не ідзе на маім канале. Я кажу пра “Тры янгалы”. Вельмі класны кліп! Гэта песня мяне вельмі ўразіла ў чарговы раз. Думаю, цябе таксама. Вось ведаеш, гэта і ёсць сапраўдная творчасць. Мне таксама спадабаліся цытаты з сучаснай музыкі. Ты заўважыла? Тыпу Limp Bizkit, саўндтрэкі з фільму Deadman і інш. Думаю, Дзядзя Ваня пазней сам ўсё раскажа".

Радасны мужчына з барадой: "Мы штогод ходзім на Троіцу ўсёй сям’ёй. Недзе тры-чатыры гады таму мы яе для сябе адкрылі. А ўвогуле, для нас з маёй жонкай канцэрты Троіцы маюць пэўны сэнс, таму што з такога канцэрту пачалася наша сям’я. Пасля вяселля мы паехалі ў клуб, а там грала Троіца. З той пары мы сталі разам жыць і слухаць Троіцу".

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі