Трох пенсіянерак пакаралі за акцыю ў падтрымку Калеснікавай і Знака

Трох пенсіянерак пакаралі за акцыю ў падтрымку Калеснікавай і Знака

Трох пенсіянерак пакаралі суткамі за акцыю ў падтрымку Марыі Калеснікавай і Максіма Знака, паведамляюць праваабаронцы.

9 верасня з ператрусам прыйшлі да некалькіх пенсіянерак, якіх раней судзілі за акцыю ў электрычцы. У выніку затрымалі 60-гадовую Ірыну Новік, 61-гадовую Наталлю Агейчык і Алу Буянкову.

Сёння пенсіянерак судзілі — іх справы разглядзеў суддзя Цэнтральнага раёна Дзмітрый Карсюк. 

Жанчын абвінавачвалі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве 6 верасня на вуліцы Старажоўскай у Мінску.

Міліцыянт "Аляксандровіч" на судзе сцвярджаў, што асабіста бачыў дзесяць чалавек у белых цішотках з надпісам "23.34", але запомніў толькі Ірыну, Наталлю і Алу.

Агейчык сваю віну не прызнала. Жанчына звярнула ўвагу суддзі, што супрацоўнікі КДБ падчас ператрусу так і не знайшлі цішотку, у якой яна нібыта была на акцыі. Суддзя адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання, на якіх бачна, што ў час "правапарушэння" яна размаўляла з суседкай. Вынік — 30 сутак арышту. 

Новік распавяла, што 6 верасня была ў парку з дачкой. Суддзя таксама адхіліў яе хадайніцтва аб праглядзе відэа з камер назірання банку, у які заходзіла жанчына, і прызначыў 15 сутак арышту.

Буянкова адмовілася даваць паказанні, бо не бачыць у гэтым сэнсу. Яна атрымала 15-сутачны арышт.

Каб сачыць за галоўнымі навінамі, падпішыцеся на канал Еўрарадыё ў Telegram.

Мы штодня публікуем відэа пра жыццё ў Беларусі на Youtube-канале. Падпісацца можна тут.

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі