Трэнер Міхаіл Захараў: “Чыжоўка-арэна” шыкоўная, нагадвае мне… бабруйскую”

Інтэрв’ю ў Міхаіла Захарава, блізкага да прэзідэнцкай сям’і хакейнага спецыяліста, узяла “Белтэлерадыёкампанія”.

Журналіст, абмяркоўваючы нядаўна адкрытую “Чыжоўка-арэну”, зрабіў рэверанс:

“Вы былі ў Еўропе, гулялі ў Паўночнай Амерыцы. З якой арэнай вы маглі б параўнаць “Чыжоўку”?”

“З бабруйскай… арэнай, — нечакана выдаў Міхаіл Захараў. — Усё рабілі адзін у адзін. Ну, паглядзім, чэмпіянат свету пакажа. Я думаю, усе паставяць пяцёрку, нават не сумняваюся. Нават атмасфера, паглядзіце, заходзіш на арэну — і відаць, што яна хакейная. Гэта зноў жа дызайнеры нашы, “Юнацтва”, ездзілі і ў Ленінград, і ў Рыгу, глядзелі, падбіралі найлепшыя моманты адтуль. Дадалі іх, таму арэна так аформлена прыгожа”.

Не падумайце, што Міхаіл Захараў жартуе. У інтэрв’ю ён распавёў пра праблемы іншых сусветных арэн, дзе беларускім хакеістам часам даводзілася бедаваць: то распранальняў не хапала, то адчуваўся недахоп іншых хакейных прыстасаванняў. Не тое што ў нас, у Беларусі.   

“Ні ў каго ў галаве нават не было такога, што будзе такая арэна, шыкоўная арэна, — так захапляецца Міхаіл Захараў “Чыжоўкай” — Я думаю, яна адной з найлепшых у Еўропе будзе лічыцца. Калі чэмпіянат свету пройдзе. Усе гэта ацэняць і ўсе гэта пабачаць на ўласныя вочы”.  

Чакаецца, што пасля чэмпіяната свету “Чыжоўка-арэна” стане хатняй пляцоўкай для мінскага “Юнацтва”. 

Фота goals.by

Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі