Трамп пра ўдар па Сірыі: Лепшых вынікаў быць не магло, місія выкананая

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп пракаментаваў у Твітэры вынікі начнога ўдару па Сірыі:

“Выдатна выкананы начны ўдар. Дзякуй Францыі і Вялікабрытаніі за іх мудрасць і сілу іх доблесных Войскаў. Лепшых вынікаў і быць не магло. Місія Выкананая!”

Ён таксама напісаў, што ганарыцца вялікім войскам, якое неўзабаве стане найлепшым з тых, што калі-небудзь былі ў ЗША, пасля таго, “як будуць патрачаныя ўхваленыя мільярды долараў”.

Аб’яднаныя сілы ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі ў ноч на суботу, 14 красавіка, нанесці ракетна-бомбавы ўдар па прадмесцях Дамаска і Хомса — паводле Пентагона, атака была скіраваная на аб’екты, што маюць дачыненне да стварэння і захоўвання хімічнай зброі.

Расія назвала гэтую атаку актам агрэсіі ды ініцыявала збор экстранага пасяджэння Савета бяспекі ААН.

Беларускі МЗС раней выступіў з заявай, у якой заклікаў Арганізацыю па забароне хімічнай зброі тэрмінова спраўдзіць інфармацыю пра выкарыстанне хімічнай зброі ў Сірыі і дакласці вынікі расследавання Савету Бяспекі ААН. Улады Беларусі мяркуюць, што захады ў адказ на выкарыстанне забароненай зброі могуць рабіцца толькі ў тым выпадку, калі інфармацыя  надзейная і пацверджаная.