The Toobes: Лепш згубіцца ў Еўропе, чым у Беларусі

Напярэдадні Be2gether хлопцы з гурта The Toobes адракліся ад беларускай тусоўкі і расказалі пра свае зорныя мары
пра поспех

ЕРБ: Год таму вы былі маладым гуртом, а цяпер – адна з лепшых каманд у Беларусі. Чым растлумачыце свой поспех?

Стас, які спявае: Так, мы – каманда нумар адзін і гэта крута!

Косця:
Поспех лакальны…

Стас, які спявае: Ён толькі ў галовах, але не ў кішэнях

Стас, бас-гітарыст: Гэта ты дарма так…

Стас, які спявае: Як гэта… Мы – бойз-бэнд новага пакалення. Музыку нам піша Аляксандр Ціхановіч, словы – Ядвіга Паплаўская, а імідж стварае Аляксандр Саладуха (рагочуць). У гэтым наш поспех.

ЕРБ: А калі сур’ёзна?

Косця: Проста застаёмся сабой: працуем, рэпаем, ствараем… Я думаю, усё яшчэ наперадзе. І “поспех” – паняцце неадназначнае…



пра крызісы і канкурэнцыю

ЕРБ: Ва ўмовах сусветнага крызісу назіраецца крызіс і ў беларускай музыцы: гурты ці то сыходзяць у творчыя адпачынкі, ці то ўвогуле распадаюцца. Ці выкарыстоўваеце гэтую сітуацыю на сваю карысць?

Косця: Калі няма канкурэнцыі – гэта дрэнна. Я б хацеў, каб у Беларусі была моцная канкурэнцыя, яе адсутнасць расслабляе, расхлябае…

Стас, які спявае: Нашая канкурэнцыя на Захадзе, у Еўропе.

ЕРБ: А тут няма ўвогуле?

Стас, бас-гітарыст:
Ну, калі мы каманда нумар адзін, дык чаго ўжо тут (смяюцца)!?

ЕРБ: Стаць зоркамі ў час крызісу – гэта адно. А вось што з вамі будзе, калі крызіс скончыцца?

Стас, які спявае: Хачу адкрыць для ўсіх вялікую таямніцу: крызісу няма, ён толькі ў галовах!

Стас, бас-гітарыст: У нас дакладна няма і не будзе творчага крызісу. Творчы крызіс ва ўсіх астатніх.



правільныя крокі гурта The Toobes

ЕРБ: Першыя правільныя крокі вы ўжо зрабілі: запісалі пласцінку, выдатна яе прэзентавалі, паўдзельнічалі ў конкурсах, з’ездзілі ў гастрольную паездку за мяжу. Якім чынам вы размяркоўваеце свае крокі, і хто вам у гэтым дапамагае?

Косця:
Усе разам размяркоўваем. Сядаем і пішам на паперцы ўсе нашы дзеянні.

Стас, бас-гітарыст: Так. Перад тым, як нешта зрабіць, мы гэта абмяркоўваем, разглядаем варыянты і робім правільныя рухі і крокі…

Косця: Правільныя, альбо няправільныя.

Стас, бас-гітарыст: Ну, як бачна, пакуль такі правільныя.

ЕРБ: І наступны правільны крок гурта The Toobes?

Косця: Запіс новага альбома і спроба сябе на еўрапейскай сцэне.

ЕРБ: І першая еўрапейская сцэна, напэўна, – гэта фэст Be2gether?

Косця:
Так.



заслужаны Be2gether

ЕРБ: Запрашэнне выступіць на фэсце было для вас нечаканым?

Косця:
Так, такая прыемная нечаканасць.

Стас, які спявае: Хаця можна было прадбачыць наш удзел у Be2gether.

Косця:
То бок, нічога на нас з нябёсаў проста так не звалілася: мы стараліся, мы працавалі, і за гэта мы атрымалі.

Стас, які спявае: Наша праца апраўдала сябе.

ЕРБ:
На ваш погляд, што можа даць гурту The Toobes удзел у фестывалі Be2gether?

Стас, які спявае:
Досвед, у першую чаргу. У нас пакуль не было такога досведу – выступаць перад вялікай колькасцю гледачоў.

Стас, бас-гітарыст: Мы спадзяваліся атрымаць падобны досвед у Стакгольме…



ЕРБ: Дарэчы, як вам Стакгольм і публіка?

Стас, які спявае:
У Стакгольме было зусім не тое, чаго мы чакалі. Арганізатары паездкі, хлопцы зялёныя і маладыя, не ведалі, на што мы разлічваем. Яны абяцалі адно, а атрымалася зусім іншае.

Косця: Усё роўна было крута. Мне спадабалася.

ЕРБ: Калі яшчэ раз вярнуцца да фэсту Be2gether, канцэрт каго з зорак вы абавязкова наведаеце?

Костя: Clawfinger! Я б паглядзеў на ўсіх хэдлайнераў. Мне цікава. Гэта ўсё-такі сусветны ўзровень. Можа мне не заўсёды падабаецца іх музыка, аднак гэта прафесіяналы сваёй справы. Калі будзе магчымасць – я наведаю іх канцэрты.

ЕРБ: Якія з сусветна вядомых фэстаў вы збіраецеся аднойчы атакаваць?

Косця: Хочацца выступіць на фэстах “Sziget” і “Гластнбэры”. Гэта нашы фэсты-фаварыты.



... мы граем рок...

ЕРБ:
Год таму вы распавядалі пра штодзённыя рэпетыцыі. Вы так і рэпетуеце кожны дзень? Што змянілася ў падыходзе да музыкі з той пары?

Стас, які спявае: Мы рэпетуем некалькі разоў на дзень(смяюцца).

Косця: Схема засталася ранейшай: імправізацыя, вакол якой ствараюцца песні.

Стас, які спявае:
Ну, а Ціхановіч па-ранейшаму нам піша песні. Нічога не змянілася(рагочуць).

ЕРБ: Вы патрапілі ў эпіцэнтр вяртання моды на рок-н-рол. На ваш погляд, наступная хваля закране якія музычныя плыні: панк-рок, хэві-метал ці нью-вэйв?

Косця: Мне здаецца, што наступная мода закране хэві-метал, імідж-метал 80-х, таму што нядаўна была мода на нью-метал, на эма, панк-рок, зараз рок-н-рол і абавязкова ўсё прыйдзе да хэві-металу 80-х.

Стас, які спявае: І мы, канешне ж, зайграем хэві-метал.

ЕРБ: Вы збіраецеся змяніць музычны накірунак?

Косця: Не, гэта жарт. Мы будзем заўсёды граць тое, што нам падабаецца. Рок-н-рол… Гэтае кляймо прычапілася да нас выпадкова. Мы ніколі не абмяжоўвалі сябе ніякімі рамкамі. Мы граем рок-музыку, а гэта самае галоўнае.



хлопцы, якія ўмеюць біцца

ЕРБ: Нягледзячы на поўны адрыў на сцэне, вы пакідаеце ўражанне добра выхаваных інтэлігентных хлопчыкаў. Вы калі-небудзь біліся?

Косця: Я біўся. Я біў гопнікаў.

Стас, бас-гітарыст: І я біўся.

Стас, які спявае:
Мяне білі(смяюцца). Я аднойчы нават ледзь не пабіўся на сцэне!

ЕРБ: З кім?

Стас, які спявае: Нейкі “жлоб” вылез на сцэну, і мне давялося прыкласці рукі ды палкі… Аднак гэта даўно было…



эра чырвоных штаноў

ЕРБ: Наколькі сур’ёзна вы ставіцеся да іміджу гурта? Хто вам яго стварае? Як доўга вы збіраецеся выступаць у чырвоных штанах?

Стас, які спявае: Чырвоныя штаны пакажам еўрапейскай публіцы, той, якая нас яшчэ не бачыла.

Косця:
Тое, што мы мяняем свой імідж даказвае, што мы да яго сур’ёзна ставімся. То бок, візуальная падача для нас важная. Тут нашы штаны крыху прыеліся, таму мы думаем зараз над новым вобразам.



пра тусоўку

ЕРБ:
Калі за вамі паназіраць, можна прыйсці да высновы, што вы не ставіце на мэце трапіць у беларускую музычную тусоўку. Тусавацца у адной грымёрцы з Вольскім, Вайцюшкевічам і Кулінковічам і спяваць у сумесным канцэрце вам не хочацца?

Стас, які спявае: Ды гэта не тусоўка! Гэта невядома што! Тусоўкі на самой справе няма! Мы стаім асобна ад усіх і не хочам падобных кантактаў. Старыя пердуны, не пабаюся гэтага слова! Надакучылі! Годзе!



пра сінгл

ЕРБ: Вы граеце шмат канцэртаў. Ці ёсць каманды, якія могуць граць на разагрэве у The Toobes?

Косця: Пакуль нас ніхто не разаграваў. Былі проста сумесныя канцэрты-спліты. А вось восенню мы плануем прэзентаваць сінгл, і запрасіць на разагрэў адзін гурт.

ЕРБ: Раскажыце пра сінгл…

Косця: Плыта будзе складацца з песні “Fake” у студыйным і канцэртным варыянтах, таксама некалькіх кліпаў. Гэта будзе дыск, які нагадае пра нас перад выхадам непасрэдна другога альбома, які мы плануем выдаць вясной.



пра беларускае нудоцце і шлях у Еўропу

ЕРБ: Напэўна, вас не здзівіць, калі напрыканцы года ў час падвядзення музычных вынікаў, вас назавуць “лепшымі”?

Косця: Мне будзе прыемна.

Стас, які спявае: Мне будзе вельмі прыемна, калі нас роккарануюць!

Косця: Насамрэч, мы не чакаем нейкіх тытулаў…

Стас, які спявае: Тым больш, гэта ўсё ў Беларусі! Нудоцце гэтае!

Косця: Так, гэта не дасягненне! Неяк гэта ўсё местачкова.

Стас, бас-гітарыст: У любым выпадку мы ідзем сваім шляхам, і тое, што на нас звальваецца на гэтым шляху, прызначаецца нам.



ЕРБ: А ваш шлях вядзе ў Еўропу?

Стас, які спявае: Я спадзяюся.

Косця: Проста мы не бачым тут развіцця. На жаль, у нашай краіне вышэй даху не скочыш.

Стас, які спявае:
Хочацца руху, хочацца шмат народу ў той час, калі мы захварэем зорнай хваробай, будзем задзіраць насы ўгару, калоцца гераінам і трахаць шлюх.

ЕРБ: А не баіцеся згубіцца ў Еўропе?

Стас, бас-гітарыст:
Лепш згубіцца сярод еўрапейскіх гуртоў, чым згубіцца тут у прынцыпе.

Стас, які спявае: Ды не, мы не згубімся, у мяне ёсць нейкая ўпэўненасць. Калі нечага хочаш – усё атрымоўваецца. Абавязкова.






Апошнія навіны

Галоўнае

Выбар рэдакцыі